Пошук

09.05.2023 15:44   Vatican News
Лагатып Юбілею 2025 года. Фота: Daniel Ibanez / CNA

9 мая ў Ватыкане адбылася адмысловая прэс-канферэнцыя, прысвечаная падрыхтоўцы да Юбілею 2025 года.

Як адзначае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, на ёй, між іншым, было паведамлена пра тое, што ў распрацоўцы агульнай праграмы Юбілею Дыкастэрыі па евангелізацыі дапамагаюць чатыры камісіі і Тэхнічны камітэт.

Душпастырская камісія стане, па сутнасці, працоўнай групай, у якую ўвойдуць прадстаўнікі кожнай дыкастэрыі Рымскай курыі і супрацоўнікі некаторых іншых касцёльных структур, а таксама біскупы, святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі. Яе мэта — папулярызацыя юбілейных ініцыятыў, перадусім на ўзроўні мясцовых Касцёлаў.

Першым праектам Камісіі па культуры стане арганізаваная з 1 верасня па 8 кастрычніка ў касцёле Сант-Аньезэ-ін-Агонэ на рымскай П’яцца Навона выстава твораў вялікага іспанскага мастака эпохі Адраджэння Эль Грэка.

Гэтыя працы ніколі раней не пакідалі Іспанію. Як спадзяюцца арганізатары, творы мастацтва дапамогуць наведвальнікам паразважаць на тэму надзеі ў Хрысце, якая дае чалавеку сілы акрыяць ад пакут, адкрываючы перспектыву вечнага жыцця. На выставе будзе прадстаўлены тэалагічны трыпціх, які складаецца з трох шэдэўраў Эль Грэка: Хрост, Хрыстус, які абдымае крыж, і Збаўца, які благаслаўляе.

Камісія па камунікацыі аб’яднае журналістаў з розных выданняў, навукоўцаў і экспертаў па новых сродках камунікацыі. Яны падтрымаюць Дыкастэрыю-арганізатара ў плане інфармацыі і камунікацыі.

Экуменічная камісія зоймецца арганізацыяй святкавання 1700-годдзя Нікейскага Сабору, якое прыпадае менавіта на 2025 год. Гэта вельмі значны юбілей для ўсіх хрысціянаў, бо ў Нікеі прайшоў першы хрысталагічны Сабор.

У аператыўнай частцы Дыкастэрыю падтрымае Тэхнічны камітэт, які будзе адказваць за матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне юбілейных мерапрыемстваў, кіраванне базылікамі, бяспеку, ахову здароўя, валанцёрства.

Важная мэта, якую ставяць перад сабой арганізатары Юбілею 2025 года, далучэнне да працэсу дыяцэзій з усяго свету.

Яны ўжо сустрэліся з 212 дэлегатамі італьянскіх дыяцэзій і 90 прадстаўнікамі ўсіх біскупскіх канферэнцый з мэтай стварэння сувязі паміж Дыкастэрыяй і мясцовымі Касцёламі.

Паколькі 2024 год у межах падрыхтоўкі да Юбілею будзе прысвечаны малітве, неўзабаве Дыкастэрыя па евангелізацыі апублікуе серыю дапаможнікаў пад назвай «Нататкі аб малітве». Яны будуць грунтавацца на шматвяковай хрысціянскай малітоўнай традыцыі і навучаць вернікаў маліцца паслядоўным чынам.

На прэс-канферэнцыі адбылася прэзентацыя афіцыйнага гімна Юбілею 2025 года. У міжнародным конкурсе на лепшы музычны твор удзельнічалі 270 чалавек з 38 краін. Сярэдні ўзрост кампазітараў склаў каля 48-і гадоў. Тэкст, які яны павінны былі пакласці на музыку, напісаў П’еранджэло Сэкеры, тэолаг і музыказнаўца.

Міжнародная камісія, пасля сур’ёзнага аналізу музычных партытур, прадстаўленых ёй ананімным чынам, абвясціла пераможцам Франчэско Мэнэгела з Мантуі. Хор Папскай Сікстынская капэлы ўжо запісаў першую версію гімна.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця