Пошук

28.04.2023 06:46   Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: CNS photo / Paul Haring

26 красавіка ў Ватыкане было абнародавана Пасланне Святога Айца Папы Францішка з нагоды 60-а Сусветнага дня малітвы аб пакліканнях, у якім ён звяртаецца да вернікаў Касцёла, а асабліва да моладзі.

Нагадваючы, што Сусветны дзень малітвы аб пакліканнях быў устаноўлены Паўлам VI у 1964 годзе падчас Другога Ватыканскага Сабору, Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News знаёміць са зместам сёлетняга папскага Паслання.

Святы Айцец прапанаваў у ім паразважаць над тэмай «Пакліканне: ласка і місія», каб зразумець, што пакліканне Пана — гэта ласка, дар і адначасова абавязацельства ісці і несці Евангелле.

«Мы пакліканы да сведчання веры, якая стварае моцную сувязь паміж жыццём, поўным ласкі, праз Сакрамэнты і касцёльную камунію, і апостальствам у свеце. Хрысціянін, адчувальны да чалавечых драм, дзейнічае на экзістэнцыяльных перыферыях, заўсёды памятаючы, што місія — гэта справа Божая, якая выконваецца не ў адзіночку, а разам з братамі і сёстрамі на чале з пастырамі.

Апостал Павел адкрывае перад намі цудоўны гарызонт: у Хрысце Бог Айцец „выбраў нас перад стварэннем свету, каб мы былі святымі і беззаганнымі перад Ім у любові. Ён прадвызначыў нас для ўсынаўлення праз Езуса Хрыста, паводле ўпадабання сваёй волі“ (Эф 1, 4–5). Гэтыя словы дазваляюць нам бачыць жыццё ў поўным сэнсе: Бог задумаў нас па свайму вобразу і падабенству і ўсынаўляе нас: мы былі створаныя з любові, дзеля любові і з любоўю; мы створаныя для таго, каб любіць», — нагадаў Пантыфік.

«На працягу ўсяго нашага жыцця пакліканне, якое становіцца часткай нашай істоты і нясе таямніцу шчасця, заўсёды па-новаму дасягае нас дзеяннем Святога Духа, асвятляе наш розум, надае сілу волі, напаўняе нас здзіўленнем і прымушае нашыя сэрцы палаць. Часам яно прыходзіць нечакана. Так адбылося са мной 21 верасня 1953 года, калі па дарозе на штогадовае свята студэнта я адчуў жаданне ўвайсці ў касцёл і паспавядацца. Той дзень змяніў маё жыццё і пакінуў у ім адбітак, які захоўваецца і сёння», — падзяліўся Святы Айцец, дадаўшы, што пакліканне — гэта шлях. «Шлях, на якім сустракаюцца з беднасцю, хваробамі і жалобай; шлях малітвы, сведчання Евангелля, чытання, якое адкрывае нам розум, парад братоў і сясцёр, якія суправаджаюць нас. Божая вынаходлівасць бясконцая і чакае нашага адказу», — заўважыў Папа Францішак.

Пакліканне, паводле яго, — гэта перапляценне паміж Божым выбарам і чалавечай свабодай, дынамічныя і натхняльныя адносіны Бога і чалавечага сэрца. «Дар паклікання падобны да Божага насення, якое прарастае ў глебе нашага жыцця, адкрывае нас Богу і іншым, каб падзяліліся з імі знойдзеным скарбам», — адзначае Папа, робячы выснову, што любоў — гэта фундамент паклікання. «Бог кліча з любоўю, і мы, удзячныя, адказваем з любоўю», — гаворыцца ў Пасланні.

Святы Айцец у ім звяртае ўвагу на тое, што няма паклікання без місіі.

«І няма шчасця і поўнай самарэалізацыі без прапановы іншым новага жыцця, якое мы знайшлі. Божы заклік да любові — гэта той досвед, пра які нельга маўчаць. „Гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля“, — усклікаў Святы Павел (1 Кар 9, 16), а ў Першым пасланні святога Яна гаворыцца: „Тое, што мы бачылі і чулі, абвяшчаем і вам, каб і вы мелі еднасць з намі“ (1 Ян 1, 1–4)».

Папа Францішак нагадаў пра свой зварот да ўсіх ахрышчаных «спасцігнуць сваё жыццё як місію», з якім ён звяртаўся пяць гадоў таму ў апостальскай адгартацыі Gaudete et exsultate. «Агульная для ўсіх хрысціянаў місія заключаецца ў радасным сведчанні пра тое, што мы адчуваем у еднасці з Езусам і Яго Касцёлам, а таксама ў справах матэрыяльнай і духоўнай міласэрнасці, у гасцінным і лагодным ладзе жыцця, здольнага да блізкасці, спагады і пяшчоты, у процілегласць культуры адкідання і абыякавасці.

Місія не вынікае з нашых здольнасцяў, намераў або задум, з нашай волі і намаганняў практыкаваць цноты, але з глыбокага досведу адносін з Езусам. Толькі тады мы можам стаць Яго сведкамі, „апосталамі“, „пазначанымі агнём гэтай місіі асвятлення, благаслаўлення, ажыўлення, узняцця, аздараўлення, вызвалення“ (Evangelii gaudium, 273)», — адзначыў Папа, прывёўшы ў прыклад «палаючыя сэрцы» двух вучняў па дарозе ў Эмаўс. Пантыфік запрасіў кожнага, хто адчувае сябе пакліканым, «устаць і паспяшацца з палаючым сэрцам», адзначыўшы, што з радасцю чакае наступных Сусветных дзён моладзі ў Лісабоне.

Папа Францішак нагадаў, што Касцёл — гэта супольнасць пакліканых, супольнасць вучняў і вучаніц Хрыста, місіянераў, якія распаўсюджваць любоў, каб настала Божае Валадарства. «У Касцёле ўсе мы слугі і служанкі з рознымі пакліканнямі, харызмамі і служэннямі», — зазначыў пастыр паўсюднага Касцёла. Ён дадаў, што «агульнае для ўсіх пакліканне дараваць сябе ў любові разгортваецца і ўвасабляецца ў жыцці свецкіх хрысціянаў, якія ствараюць сем’і як невялікія хатнія Касцёлы і дзейнічаюць у грамадстве з дапамогай Евангелля; у жыцці кансэкраваных асоб, падараваным Богу; у жыцці пасвячаных пастыраў (дыяканаў, прэзбітараў, біскупаў), пастаўленых на службу Слову, малітве і камуніі святога народа Божага.

У гэтым сэнсе Касцёл — гэта сімфонія пакліканняў, аб’яднаных у гармоніі, каб выпраменьваць новае жыццё Валадарства Божага», — сцвердзіў Пантыфік.

«Дарагія браты і сёстры! Пакліканне — гэта дар і задача, крыніца новага жыцця і сапраўднай радасці», — падкрэсліў напрыканцы паслання Святы Айцец, пажадаўшы, каб Сусветны дзень умацаваў адчувальнасць да пакліканняў у сем’ях, парафіяльных супольнасцях і супольнасцях кансэкраванага жыцця, касцёльных аб’яднаннях і рухах, каб «пашырылася прастора любові, і Бог усё больш і больш валадарыў у гэтым свеце».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця