24 і 25 красавіка ў Ватыкане праходзіла пасяджэнне Рада кардыналаў, створанай Папам Францішкам у 2013 годзе для дапамогі яму ў кіраванні Касцёлам.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у першым пасяджэнні Рады ў адноўленым складзе ўзялі ўдзел усе кардыналы, якія цяпер уваходзяць у гэтую групу, і сакратар.
«У цэнтры размовы былі войны і канфлікты, у якіх апынуліся многія часткі свету, і неабходнасць аб’яднаных намаганняў усяго Касцёла ў імя міру», — гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным пасля сустрэчы Рады кардыналаў са Святым Айцом.
Паведамляецца, што сярод іншых тэм, якія абмяркоўваліся, акрамя сацыяльна-палітычнай і касцёльнай сітуацыі ў розных рэгіёнах, да якіх належаць кардыналы, былі падрыхтоўка да сінадальнай асамблеі ў кастрычніку і рэалізацыя апостальскай канстытуцыі Prædicate Evangelium, з асаблівым акцэнтам на намаганні па перадачы той рэфарматарскай працы, якая праводзіцца ў Рымскай курыі, на розных узроўнях.
Наступная сесія абноўленай нядаўна Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам пройдзе ў чэрвені 2023 года.