Пошук

20.04.2023 10:01   Vatican News
Фота: Daniel Ibanez / CNA

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 19 красавіка прайшла на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, чарговую катэхезу на тэму евангелізацыі Папа Францішак прысвяціў мучанікам, якія аддалі сваё жыццё за Хрыста і вызнанне веры.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец напачатку падкрэсліў, што слова «мучаніцтва» паходзіць ад грэчаскага μαρτῠρία, што азначае сведчанне. Мучанікаў трэба ўспрымаць не як «герояў», якія дзейнічалі паасобку, «быццам кветкі, што прараслі ў пустыні», але «як саспелыя і дасканалыя плады вінаградніка Пана, якім з’яўляецца Касцёл», — заўважыў Папа.

«Хрысціяне, якія старанна ўдзельнічалі ў цэлебрацыі Эўхарыстыі, пад кіраўніцтвам Духа будавалі сваё жыццё на аснове гэтай таямніцы любові: гэта значыць на тым, што Пан Езус аддаў сваё жыццё за іх, і таму таксама яны маглі і павінны аддаць сваё жыццё за Яго і за сваіх братоў», — сказаў Пантыфік, нагадаўшы словы святога Аўгусціна, які тлумачыў духоўную дынаміку, што натхняла мучанікаў, кажучы, што яны «любяць Хрыста ў жыцці і наследуюць Яго ў смерці».

Папа зазначыў, што мучанікаў у сучасным свеце больш, чым у першыя стагоддзі хрысціянства, а таксама нагадаў, што «Касцёл лічыць мучаніцтва асаблівым дарам і найвышэйшым выпрабаваннем любові, праз якое вучань, які дабравольна прымае смерць для збаўлення свету, прыпадабняецца да Настаўніка і наследуе Яго ў праліцці крыві» (Lumen gentium, 42).

«Мучанікі, наследуючы Езуса і дзякуючы Яго ласцы, ператвараюць насілле тых, хто адкідае абвяшчэнне, у нагоду для вялікай любові, найвышэйшай, што дасягае нават прабачэння ўласных катаў. Гэта цікава: мучанікі заўсёды прабачаюць катам. Стэфан, першы мучанік, памёр, молячыся: „Пане, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць“», — нагадаў Святы Айцец.

Ён падкрэсліў, што ўсе хрысціяне «павінны быць гатовымі вызнаваць Хрыста перад людзьмі і пайсці за Ім крыжовым шляхам сярод ганенняў, якіх Касцёлу заўжды хапала».

«Мучанікі паказваюць нам, што кожны хрысціянін пакліканы да жыццёвага сведчання, нават калі не даходзіць да праліцця ўласнай крыві, прыносячы сябе ў дар Богу і братам па прыкладзе Езуса», — дадаў пастыр паўсюднага Касцёла.

Пантыфік нагадаў пра мужныя прыклады сведчання веры ў наш час, у тым ліку пра забітых у Емене каталіцкіх законніц і свецкіх вернікаў, якія працавалі разам з імі, у тым ліку мусульманаў. Ён адзначыў, што сведчанне праз пралітую за веру кроў можа аб’ядноўваць людзей розных веравызнанняў.

«Ніколі нельга забіваць у імя Бога, таму што для Яго мы ўсе браты і сёстры. Але разам мы можам аддаць сваё жыццё за іншых», — сказаў Папа.

Ён заахвоціў маліцца, «каб мы нястомна давалі сведчанне Евангелля нават у часы ганенняў». «Няхай усе святыя і святыя мучанікі будуць насеннем міру і прымірэння паміж народамі дзеля больш гуманнага і братэрскага свету, які чакае поўнага аб’яўлення Нябеснага Валадарства, калі Бог будзе ўсім ва ўсім», — сказаў Святы Айцец.

Напрыканцы агульнай аўдыенцыі Папа Францішак прывітаў вернікаў з розных краін, прысутных на плошчы святога Пятра, заклікаўшы быць «трывалымі ў блізкасці і малітве за дарагую і змучаную Украіну, якая працягвае цярпець страшныя пакуты».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця