Пошук

14.04.2023 11:09   Vatican News
Фота: AP Photo / Alessandra Tarantino

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 12 красавіка прайшла на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, сваю чарговую катэхезу на тэму евангелізацыі Папа Францішак прысвяціў евангелізацыйнай руплівасці святога Паўла ў святле некаторых пасланняў Апостала народаў.

Як адзначае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец нагадаў, што святы Павел, грунтуючыся на ўласным досведзе, добра ведаў пра пастку «скажонага запалу», скіраванага ў памылковым кірунку, у якую сам трапіў да лёсавызначальнага здарэння на дарозе ў Дамаск.

«Часам і нам даводзіцца мець справу з кепска арыентаванай руплівасцю, упартай у захаванні чыста чалавечых і састарэлых для хрысціянскай супольнасці нормаў», — сказаў Пантыфік, нагадаўшы словы Апостала народаў: «Яны рупяцца аб вас не з добрых меркаванняў» (Гал 4, 17).

Папа з жалем зазначыў, што некаторыя прысвячаюць сябе памылковым заняткам нават у самой хрысціянскай супольнасці; хваляцца ілжывым евангельскім запалам, на самай справе імкнучыся да славы гэтага свету, служачы ўласным перакананням і кіруючыся любоўю да сябе.

Гаворачы пра рысы сапраўднай евангелізацыйнай руплівасці, Папа Францішак звярнуўся да словаў апостала Паўла пра Божую зброю, патрэбную для духоўнай барацьбы. Між іншым, ён кажа пра гатоўнасць распаўсюджваць Евангелле, у якую трэба «абуцца». Пантыфік заўважыў, што гэтая метафара паходзіць з Кнігі прарока Ісаі: «Якія прыгожыя на гарах ногі пасланца, які абвяшчае мір, які нясе радасць і абвяшчае збаўленне, які кажа Сіёну: Валадарыць Бог твой!» (Іс 52, 7).

Папа падкрэсліў, што людзі, якія абвяшчаюць Евангелле, павінны рухацца: яны быццам «ногі» цела Хрыста, якім ёсць Касцёл. «Не можа быць дабравесця без руху, без „выйсця“, без ініцыятывы <…>.

Евангелле не абвяшчаюць, стоячы на месцы, зачыніўшыся ў кабінеце, за пісьмовым сталом ці перад кампутарам, палемізуючы, як „ільвы клавіятуры“ і замяняючы крэатыўнасць абвяшчэння „копіпастам“ ідэй, узятых у розных месцах. Евангелле абвяшчаюць рухаючыся, імкнучыся, ідучы», — сцвердзіў пастыр паўсюднага Касцёла.

Святы Айцец зазначыў, што чалавек, які абвяшчае Добрую навіну, павінен быць гатовым вырушыць у дарогу, ведаючы, што Пан праходзіць побач, здзіўляючы. «Таму ён павінен быць вольны ад схем і гатовы да нечаканых і новых дзеянняў, гатовы на сюрпрызы», — сказаў Святы Айцец.

Прапаведнік Евангелля не можа быць «закамянелым у ланцугах прадказальнасці» і не павінен баяцца нешта змяняць, сцвярджаючы, што «заўсёды так было», — падкрэсліў Пантыфік, заклікаўшы наследаваць апостала Паўла, які казаў пра самаго сябе: «Маё слова і прапаведаванне не ў пераканаўчых словах мудрасці, а ў праяўленні Духа і моцы, каб вера вашая грунтавалася не на чалавечай мудрасці, а на моцы Божай» (1 Кар 2, 4–5).

Напрыканцы катэхезы Святы Айцец заахвоціў станавіцца бясстрашнымі і ініцыятыўнымі евангелізатарамі, якія ідуць наперад, несучы спакой, прыгажосць і навізну Хрыста, якая змяняе ўсё.

Абноўлена 14.04.2023 11:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця