Катэхезу падчас агульнай аўдыенцыі, што 22 сакавіка прайшла на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, Папа Францішак прысвяціў «вялікай хартыі евангелізацыі»: так ён назваў Апостальскую адгартацыю Паўла VI Evangelii nuntiandi.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец падкрэсліў, што евангелізацыя — гэта штосьці большае за простую перадачу веравучэння і маралі: у першую чаргу яна з’яўляецца сведчаннем асабістай сустрэчы з Езусам Хрыстом, Уцелаўлёным Словам, у якім споўнілася збаўленне.
«Сведчанне неад’емнае, таму што, у першую чаргу, свет мае патрэбу ў „евангелізатарах, якія будуць казаць яму пра Бога, якога яны самі ведаюць і які блізкі да іх“; а таксама таму, што „сучасны чалавек больш ахвотна слухае сведкаў, чым настаўнікаў“», — сказаў Папа, дадаўшы, што сведчанне Хрыста, гэта «адначасова і першы сродак евангелізацыі, і найважнейшая ўмова яе паспяховасці».
«Варта памятаць, што сведчанне таксама ўключае ў сябе веру, якая вызнаецца, гэта значыць упэўненую і яўную вернасць Богу Айцу, Сыну і Духу Святому, які стварыў і адкупіў нас з любові», — сцвердзіў Пантыфік. Гэта «вера, якая перамяняе нас, якая змяняе нашы адносіны, крытэрыі і каштоўнасці, што вызначаюць нашы рашэнні. Такім чынам, сведка не можа ігнараваць сувязь паміж тым, у што верыць, і тым, што абвяшчае», — дадаў Святы Айцец.
Ён перакананы, што кожны з нас павінен адказаць для сябе на тры важныя пытанні, сфармуляваныя Паўлам VI: «Ці верыш у тое, што абвяшчаеш? Ці жывеш тым, што абвяшчаеш? Ці абвяшчаеш тое, чым жывеш?».
«Мы не можам задавольвацца простымі, падрыхтаванымі адказамі», — сказаў Папа Францішак, заклікаўшы «прыняць таксама рызыку пошуку», цалкам давяраючы Святому Духу.
Пантыфік зазначыў, што сведчанне па-сапраўднаму хрысціянскага жыцця ўключае ў сябе шлях святасці, што грунтуецца на хросце. Ён нагадаў, што святасць «датычыцца не толькі выбраных, але з’яўляецца Божым дарам, які мы пакліканы прыняць і зрабіць плённым у нашым жыцці і жыцці бліжніх». «Выбраныя і ўмілаваныя Богам, мы пакліканыя несці гэтую любоў іншым», — сцвердзіў Папа Францішак, нагадаўшы словы Паўла VI пра тое, што «евангелізацыйны запал нараджаецца са святасці».
«Умацаваная малітвай і асабліва любоўю да Эўхарыстыі, евангелізацыя, у сваю чаргу, дапамагае ўзрастаць у святасці людзям, якія яе здзяйсняюць. У той жа час, без святасці слова евангелізатара „з цяжкасцю пракладзе шлях да сэрца чалавека нашага часу, рызыкуючы застацца марным і бясплённым“», — сказаў пастыр паўсюднага Касцёла.
Ён нагадаў, што «адрасаты евангелізацыі — гэта не толькі іншыя», але таксама і мы самі, якія верым у Хрыста і з’яўляемся актыўнымі членамі Божага народа. «Мы павінны штодзённа навяртацца, прымаць Божае слова і змяняць жыццё», — падкрэсліў Папа, дадаўшы, што Касцёл павінен «пачынаць з евангелізацыі самаго сябе», а калі не робіць гэтага, становіцца падобным на музейны экспанат.
Пантыфік сцвердзіў, што Касцёл, які евангелізуе сябе, каб евангелізаваць, пакліканы ісці патрабавальным шляхам пастаяннага навяртання і абнаўлення, быць здольным змяняць свае спосабы разумення і перажывання ўласнай евангелізацыйнай прысутнасці ў гісторыі, пазбягаючы пошуку прытулку ў логіцы «заўсёды рабілася так» з-за страху нешта змяняць у сваёй дзейнасці.
Святы Айцец падкрэсліў, што гаворка ідзе пра Касцёл, «цалкам звернуты да Бога», які прымае ўдзел у Яго задуме збаўлення чалавецтва, а таксама «цалкам звернуты да чалавецтва». Гэта Касцёл, які «сустракаецца з сучасным светам у дыялогу, які пляце братэрскія адносіны, стварае прастору для сустрэч, ужываючы добрыя практыкі гасціннасці, прымання, прызнання і інтэграцыі іншага і іншасці, і які клапоціцца пра супольны дом, якім з’яўляецца стварэнне», — сказаў Папа Францішак, заклікаўшы вернікаў нанава перачытаць адгартацыю Evangelii nuntiandi.