Пошук

17.03.2023 09:52   Vatican News
Фота: CNS photo / Paul Haring

15 сакавіка Папа Францішак правёў агульную аўдыенцыі на плошчы святога Пятра ў Ватыкане, падчас якой працягнуў катэхетычны цыкл, прысвечаны евангелізацыйнай руплівасці і апостальскаму запалу.

Як перадае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, гэтым разам Святы Айцец прапанаваў вернікам у святле дакументаў Другога Ватыканскага Сабору паразважаць над тым, што значыць быць апосталамі ў нашыя дні.

«Слова „апостал“ наводзіць на думку пра групу дванаццаці вучняў, выбраных Езусам. Часам „апосталам“ называюць нейкага святога, ці, у больш шырокім сэнсе, біскупаў… Але ці ўсведамляем мы, што быць апосталам — гэта заданне кожнага хрысціяніна? Ці ўсведамляем мы, што яно датычыцца кожнага з нас?

Мы пакліканыя быць апосталамі — гэта значыць пасланымі — у Касцёле, які ў Сімвале веры вызнаем апостальскім», — нагадаў Пантыфік.

Папа падкрэсліў, што «хрысціянскае пакліканне па сваёй сутнасці з’яўляецца таксама пакліканнем да апостальства» (Apostolicam actuositatemAA 2). «Гэтае пакліканне дае магчымасць выканаць уласнае апостальскае заданне актыўным і крэатыўным чынам, ва ўлонні Касцёла, у якім „пры адзінстве місіі існуе разнастайнасць паслуг. Апосталам і іх наступнікам Хрыстус даручыў абавязак навучання, асвячэння i кіравання ад Яго імя і паводле Яго моцы. Аднак і свецкія, стаўшы ўдзельнікамі святарскай, прароцкай і каралеўскай функцыі Хрыста, здзяйсняюць у Касцёле i ў свеце сваю частку місіі ўсяго Божага народа“ (AA 2)», — сказаў Папа.

Ён асаблівым чынам адзначыў важнасць таго, каб свецкія вернікі і касцёльная іерархія пастаянна супрацоўнічалі ў ажыццяўленні апостальскай місіі, а не толькі ў пэўных сітуацыях. Ён таксама заўважыў, што «ў межах адзінства місіі, разнастайнасць харызмаў і служэнняў не павінна весці да з’яўлення прывілеяваных катэгорый унутры цела Касцёла».

«Хоць некаторыя з волі Хрыста пастаўлены настаўнікамі, распарадчыкамі таямніц і пастырамі іншых, аднак паводле годнасці і агульнай для ўсіх вернікаў дзейнасці ў будаванні Хрыстовага цела паміж усімі пануе сапраўдная роўнасць (Lumen gentium 32)»,— падкрэсліў Святы Айцец.

«Пытанне роўнасці ў годнасці патрабуе ад нас пераасэнсавання многіх аспектаў нашых адносін, якія маюць ключавое значэнне для евангелізацыі. Напрыклад, ці асэнсоўваем мы, што сваімі словамі можам пакрыўдзіць чалавечую годнасць і такім чынам парушыць адносіны ў Касцёле? Спрабуючы весці дыялог са светам, ці ўмеем мы размаўляць паміж сабой як вернікі? <…> Ці маем гатоўнасць размаўляць наўпрост, тварам у твар, або адпраўляем пасланні праз трэціх асоб? Ці ўмеем мы слухаць, каб зразумець матывы іншага, або навязваем сваю пазіцыю, магчыма нават лагоднымі словамі?» — прапанаваў паразважаць пастыр паўсюднага Касцёла.

Пантыфік зазначыў, што ў Касцёле не павінна быць месца для кар’ерызму і высакамернасці, бо ўсе маюць роўную годнасць: біскупы, святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі, дарослыя і дзеці.

«Мы ўсе роўныя, і калі адна частка лічыць сябе больш важнай за іншыя і крыху „задзірае нос“, яна памыляецца», — дадаў Пантыфік, заклікаўшы маліцца за такіх людзей і памятаць, што ўсе ў Касцёле пакліканы быць пакорнымі апосталамі, якія служаць Богу і бліжнім.

«Дарагія браты і сёстры, давайце не будзем баяцца задаваць сабе такія пытанні. Давайце будзем пазбягаць ганарыстасці, звязанай з пасадамі. Гэтыя словы могуць дапамагчы нам праверыць тое, як мы жывем нашым хросным пакліканнем, якімі апосталамі з’яўляемся ў апостальскім Касцёле, які знаходзіцца на службе іншым», — завяршыў катэхезу Папа Францішак.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа