22 лютага падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI, Папа Францішак працягнуў катэхетычны цыкл, прысвечаны евангелізацыйнай руплівасці.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, гэтым разам Святы Айцец прапанаваў паразважаць над значэннем словаў Хрыста: «Ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога» (Мц 28, 19).
Езус не заклікаў ісці, каб «індактрынаваць і займацца празелітызмам», але навучаць, гэта значыць даваць кожнаму чалавеку магчымасць увайсці ў кантакт з Езусам, пазнаваць і свабодна любіць Яго; а таксама хрысціць, што значыць пагружаць жыццё ў Айца і Сына, і Духа Святога, — нагадаў Папа.
Ён зазначыў, што толькі дзякуючы Святому Духу можна прыняць і выканаць місію Хрыста. Пантыфік нагадаў пра тое, як напалоханыя апосталы прабывалі зачыненыя ў Вячэрніку, пакуль не прыйшла Пяцідзясятніца, і Святы Дух не сышоў на іх. «Яго сілай гэтыя рыбакі, у большасці непісьменныя, зменяць свет. <…>
Такім чынам, абвяшчэнне Евангелля адбываецца толькі ў моцы Духа, які апярэджвае місіянераў і рыхтуе сэрцы: Ён з’яўляецца „рухавіком евангелізацыі“», — сказаў Святы Айцец.
Ён заўважыў, што на самым пачатку гісторыі Касцёла ўзнікла спрэчка аб тым, як паступаць з хрысціянамі, якія раней не вызнавалі юдаізм. Для рашэння гэтага пытання апосталы сабраліся на так званым Ерузалемскім Саборы, першым у гісторыі. Яны, аднак, не кіраваліся чалавечай мудрасцю, не шукалі кампрамісу ці дыпламатычнай раўнавагі, але дастасаваліся да дзеяння Духа, які апярэдзіў іх, сышоўшы на язычнікаў, як на іх саміх, — заўважыў Пантыфік.
На думку Папы Францішка, Святы Дух таксама і сёння вучыць нас, што кожная рэлігійная традыцыя карысная, калі спрыяе сустрэчы з Езусам.
«У Касцёле ўсё павінна адпавядаць патрабаванням абвяшчэння Евангелля; не кансерватыўным або прагрэсіўным поглядам, але таму, каб Езус дасягаў жыцця людзей. Такім чынам, кожны выбар, звычай, структуру і традыцыю трэба ацэньваць у святле таго, наколькі яны спрыяюць абвяшчэнню Хрыста», — падкрэсліў Святы Айцец.
Папа звярнуў увагу на тое, што Святы Дух з’яўляецца святлом, якое кіруе Касцёлам: Ён уносіць яснасць, дапамагае адрозніваць, распазнаваць. «Касцёл, калі не моліцца да Яго і не заклікае Яго, замыкаецца ў сабе, у бясплённых і нудных дэбатах, у знясільваючай палярызацыі, у той час, як полымя місіі згасае», — папярэдзіў Пантыфік, дадаўшы, што Касцёл не павінен ператварацца ў падабенства парламента, але быць супольнасцю людзей, якія абвяшчаюць Езуса Хрыста, кіруючыся Святым Духам.
«Святы Дух кажа нам выходзіць, падштурхоўвае нас абвяшчаць веру, умацоўваць сябе ў веры, заахвочвае ісці на місію, каб адшукаць тое, кім мы з’яўляемся. Вось чаму апостал Павел раіць: „Духа не гасіце“ (1 Тэс 5, 19). Давайце будзем часта маліцца да Духа Святога, будзем заклікаць Яго, будзем прасіць Яго кожны дзень, каб запаліў у нас сваё святло. Давайце рабіць гэта перад кожнай сустрэчай, каб стаць апосталамі Езуса для людзей, якіх сустракаем. Не гасіце Духа ў хрысціянскіх супольнасцях і ўнутры саміх сябе», — заахвоціў вернікаў Папа Францішак.