Пошук

17.02.2023 09:46   Vatican News

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 15 лютага прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI, Папа Францішак працягнуў катэхетычны цыкл, прысвечаны евангельзацыйнай руплівасці і апостальскаму запалу, звярнуўшы ўвагу вернікаў на прыклад першых вучняў Хрыста.

Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец нагадаў, што Езус «устанавіў Дванаццаць, якіх назваў Апосталамі, каб яны былі з Ім, каб паслаць іх прапаведаваць» (Мк 3, 14). Гэтыя словы могуць здавацца супярэчаннем, бо вучань або прабывае з Хрыстом, або ідзе прапаведваць, — зазначыў Пантыфік, прапануючы паразважаць над сэнсам гэтага выказвання.

Святы Айцец падкрэсліў, што немагчыма ісці прапаведваць, не прабываючы з Хрыстом.

«Абвяшчэнне нараджаецца ў выніку сустрэчы з Панам; кожная хрысціянская дзейнасць, асабліва місійная, пачынаецца з гэтага. Сведчыць пра Яго, насамрэч, значыць выпраменьваць Яго; але, калі мы не атрымаем Яго святла, не будзем ззяць; калі не сустракаемся з Ім, тады будзем несці іншым сябе, а не Яго; і ўсё будзе марна. Такім чынам, Евангелле Езуса можа несці толькі той, хто прабывае з Ім», — сцвердзіў Папа Францішак

Ён адзначыў таксама, што гэта датычыцца і адваротнага: немагчыма прабываць з Езусам, не ідучы да людзей. «Без абвяшчэння, без служэння, без місіянерства адносіны з Ім не развіваюцца. Заўважым, што ў Евангеллі Пан пасылае вучняў да таго, як завяршыў іх падрыхтоўку: як толькі паклікаў іх, адрасу паслаў! Гэта значыць, што місіянерскі досвед з’яўляецца часткай фармацыі. Давайце будзем памятаць пра гэтыя два важныя моманты для кожнага вучня: прабываць і ісці», — заахвоціў Пантыфік.

Ён заўважыў, што, адпраўляючы вучняў прапаведваць, Хрыстус звярнуўся да іх з «місіянерскай прамовай», у якой патлумачыў чаму, што і як трэба прапаведваць. Яна змяшчаецца ў 10-м раздзеле Евангелля святога Мацвея і з’яўляецца «канстытуцыяй» прапаведвання, — нагадаў Папа.

Святы Айцец патлумачыў, што матывацыя для прапаведвання крыецца ў словах: «Задарма атрымалі, задарма давайце». «Сустрэць Езуса, пазнаць Яго, асэнсаваць, што мы любімыя і збаўленыя — гэта настолькі вялікі дар, што мы не можам трымаць яго для сабе; радасцю быцця дзецьмі Бога, прысутнай у нас, трэба дзяліцца з братамі і сёстрамі, якія яшчэ не ведаюць Яго!» — сцвердзіў Пантыфік.

Гаворачы пра змест прапаведвання, Папа Францішак нагадаў словы Хрыста: «Абвяшчайце, кажучы: „Наблізілася Валадарства Нябеснае“. Трэба нагадваць людзям, што Пан побач.

Прапаведуючы, мы часта заклікаем людзей рабіць нешта, і гэта добра; але давайце не будзем забывацца, што галоўнае пасланне заключана ў тым, што Ён побач з намі. <…> Прыняць Божую любоў складаней, бо мы заўсёды хочам быць у цэнтры, быць галоўнымі героямі; мы больш схільныя дзейнічаць, чым дазваляць выхоўваць сябе, больш гаварыць, чым слухаць <…> Але ў прапаведванні першаснасць належыць Богу, а іншым людзям дадзена магчымасць прыняць Яго і асэнсаваць, што Ён побач», — падкрэсліў пастыр паўсюднага Касцёла.

Кажучы пра тое, як трэба прапаведваць, Папа заўважыў, што гэта «аспект, на якім найбольш засяроджваецца Езус», бо ў сведчанні вельмі важныя стыль і спосаб. Хрыстус пасылае сваіх вучняў, як «авечак сярод ваўкоў»: не просіць змагацца з ваўкамі, спрачацца з імі, супрацьстаяць ім ці бараніцца ад іх. Мы думаем, што «станем значнымі, шматлікімі, прэстыжнымі і свет будзе слухаць і паважаць нас», але Хрыстус просіць нас стаць падобнымі да лагодных і нявінных ягнят, гатовымі ахвяраваць сабой. Ён жа, «Пастыр, пазнае сваіх ягнят і бароніць іх ад ваўкоў», — запэўніў вернікаў Папа Францішак.

Святы Айцец нагадаў таксама, што заклікаючы вучняў не браць з сабой ні золата, ні срэбра, ані іншых рэчаў, Езус заахвочвае не ўскладаць надзею на матэрыяльныя даброты, а ісці ў свет без мітусні.

«Трэба паказваць Езуса больш, чым разважаць пра Яго», — сцвердзіў Пантыфік, падкрэсліўшы таксама, што місіянеры не павінны дзейнічаць самі па сабе. «Такім чынам, трэба ісці з лагоднасцю і добрынёй, як ягняты, без мітусні гэтага свету, ісці разам. Менавіта тут знаходзіцца ключ да прапаведвання, да поспеху евангелізацыі. Давайце прымем гэтыя настаўленні Езуса: няхай Яго словы будуць для нас арыенцірам», — заклікаў на завяршэнне катэхезы Папа Францішак.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.