Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 8 лютага прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI, Папа Францішак распавёў вернікам пра сваю пілігрымку ў Дэмакратычную Рэспубліку Конга і Паўднёвы Судан.
Святы Айцец наведаў гэтыя краіны з 31 студзеня па 5 лютага. Пілігрымка ў Афрыку стала яго 40-м Апостальскім падарожжам, нагадвае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.
Папа заўважыў, што здзейснілася яго мара: ён змог наведаць кангалезскі народ, «ахоўніка вялізарнай краіны», «зялёных лёгкіх Афрыкі», зямлі «багатай рэсурсамі і скрываўленай вайной, якая не сканчваецца, бо заўсёды ёсць тыя, хто распальвае агонь»; а таксама наведаць паўднёвасуданскі народ з пілігрымкай міру.
У гэтай пілігрымцы Святога Айца суправаджалі ангіканскі арцыбіскуп Кэнтэрберыйскі Джасцін Уэлбі і Генеральны мадэратар Прэзбітэрыянскай Царквы Шатландыі Іэн Грыншылдс. «Мы адправіліся разам, каб засведчыць, што магчыма і неабходна супрацоўнічаць, маючы адметнасці, асабліва, калі падзяляем веру ў Хрыста», — сказаў Папа Францішак.
Пантыфік нагадаў, што сустракаючыся з уладамі Дэмакратычнай Рэспублікі Конга ў Кіншасе, ён параўнаў гэту краіну з алмазам дзякуючы яе прыродзе, рэсурсам, а перш за ўсё народу. «Але гэты алмаз стаў прычынай спрэчак, гвалту і, як ні парадаксальна, збяднення людзей. Гэтая дынаміка назіраецца таксама ў іншых афрыканскіх рэгіёнах і з’яўляецца ў цэлым актуальнай для гэтага кантынента: каланізаванага, эксплуатаванага, разрабаванага», — з жалем зазначыў Папа, дадаючы, што заклікаў спыніць эксплуатацыю Афрыкі і працаваць разам з годнасцю, узаемнай павагай і ў імя Хрыста, нашай надзеі.
Папа Францішак распавёў, што ў Кіншасе сустрэўся з ахвярамі гвалту на ўсходзе краіны: у рэгіёне, які гадамі раздзіраецца вайной паміж узброенымі групоўкамі, што кіруюцца эканамічнымі і палітычнымі інтарэсамі. Ён са шкадаваннем заўважыў, што з гэтай прычыны не змог наведаць Гому.
«Людзі жывуць у страху і няўпэўненасці, прынесеныя ў ахвяру незаконнаму бізнэсу. Я пачуў шакавальныя сведчанні некаторых ахвяр, асабліва жанчын, якія клалі зброю і іншыя прылады смерці да падножжа крыжа. Разам з імі я сказаў „не“ насіллю і роспачы, і „так“ прымірэнню і надзеі», — нагадаў Папа.
Гаворачы пра сваю сустрэчу з прадстаўнікамі дабрачынных арганізацый, якія дзейнічаюць у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, Святы Айцец зазначыў, што іх праца з беднымі і для бедных бясшумна дапамагае расці агульнаму дабру. Дабрачынныя ініцыятывы павінны не толькі дапамагаць, але «спрыяць развіццю людзей і грамадстваў», — дадаў ён.
Папа Францішак параўнаў сваю сустрэчу з кангалезскай моладдзю і катэхетамі з «пагружэннем у сучаснасць, скіраваную ў будучыню». «Давайце падумаем пра сілу аднаўлення, якую можа прынесці новае пакаленне хрысціянаў, сфармаванае і натхнёнае радасцю Евангелля! Я ўказаў ім пяць шляхоў: малітву, супольнасць, сумленнасць, прабачэнне і служэнне», — сказаў Пантыфік, выказаўшы пажаданне, каб Бог пачуў іх вокліч аб міры і справядлівасці.
Апошнім пунктам візіту Папы ў Кіншасу стала сустрэча з кангалезскім духавенствам і кансэкраванымі асобамі, якіх ён заклікаў быць слугамі людзей і сведчыць аб любові Хрыста, пераадольваючы тры спакусы: духоўную пасрэднасць, свецкі камфорт і павярхоўнасць. Звяртаючы да кангалезскіх біскупаў, пастыр паўсюднага Касцёла заахвоціў іх быць прарокамі для людзей дзякуючы моцы Божага Слова; быць знакам Яго спагады, блізкасці і пяшчоты.
Другая частка афрыканскага падарожжа Святога Айца, прайшла ў горадзе Джуба, сталіцы Паўднёвага Судана — дзяржавы, якая ўзнікла ў 2011 годзе.
«Фактычна гэта была экуменічная пілігрымка міру, здзейсненая разам з кіраўнікамі дзвюх Цэркваў, якія гістарычна прысутнічалі на гэтай зямлі: Англіканскай супольнасці і Царквы Шатландыі», — зазначыў Пантыфік.
Папа нагадаў, што візіт у Паўднёвы Судан стаў вынікам працэсу, які распачаўся ў 2019 годзе, калі рэлігійныя лідары і паўднёвасуданскія ўлады сабраліся разам у Рыме, «каб прыняць на сябе абавязацельства пераадолець канфлікт і пабудаваць мір». «На жаль, працэс прымірэння не прасунуўся, і нованароджаны Паўднёвы Судан стаў ахвярай старой логікі ўлады і саперніцтва, што спараджае войны, гвалт, бежанцаў і ўнутраных перамешчаных асоб», — сказаў ён.
Пантыфік падзякаваў паўднёвасуданскім уладам за прыём і за намаганні на нялёгкім шляху, які заключаецца ў тым, каб казаць рашучае «не» карупцыі і гандлю зброяй і «так» сустрэчы і дыялогу.
Папа лічыць ганебнымі дзеянні некаторых краін, якія называюць сябе «цывілізаванымі», але працягваюць пастаўляць зброю ў Паўднёвы Судан, спрыяючы распальванню вайны.
Пантыфік заўважыў, што экуменічны характар візіту ў Паўднёвы Судан выявіўся асаблівым чынам падчас супольнай малітвы. «У такой канфліктнай рэальнасці, як у Паўднёвым Судане, гэты знак з’яўляецца фундаментальным, і ён не відавочны, бо, на жаль, ёсць тыя, хто злоўжывае імем Бога, каб апраўдаць гвалт і злоўжыванні», — сцвердзіў Святы Айцец.
Ён нагадаў, што 2 мільёны чалавек з 11-і мільёнаў насельніцтва Паўднёвага Судана па прычыне ўзброеных канфліктаў з’яўляюцца ўнутранымі перасяленцамі і столькі ж уцяклі ў суседнія краіны.
«Цэрквы і хрысціянскія арганізацыі знаходзяцца на перадавой побач з гэтымі беднымі людзьмі, якія гадамі жывуць у лагерах для перамешчаных асоб», — сказаў Папа, дадаўшы, што, сустракаючыся з бежанцамі, ён звярнуўся да жанчын, якія з’яўляюцца той сілай, якая можа змяніць краіну. «Я заклікаў усіх стаць насеннем новага Паўднёвага Судана, без гвалту, прыміранага і супакоенага», — дадаў Пантыфік.
Апошнім пунктам праграмы візіту ў Паўднёвы Судан стала святая Імша. Святы Айцец нагадаў, што заахвоціў мясцовых католікаў быць «соллю і святлом» на гэтай неспакойнай зямлі. «Бог ускладае надзею не на вялікіх і магутных, але на малых і пакорных. <…>
Памолімся аб тым, каб у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга і ў Паўднёвым Судане, а таксама ва ўсёй Афрыцы прарасло зерне Яго Валадарства любові, справядлівасці і міру», — заклікаў Папа Францішак.