20 студзеня было абнародавана відэапасланне Святога Айца Папы Францішка моладзі, якая рыхтуецца да Сусветных дзён моладзі ў Лісабоне.
Двуххвіліннае відэа можна паглядзець на іспанскай мове з англійскімі субтытрамі. Ніжэй пададзены пераклад паслання Святога Айца на беларускую мову.
Дарагая моладзь,
мы набліжаемся: да Сусветных дзён моладзі засталося некалькі месяцаў, а ўжо зарэгістравалася 400 000 маладых людзей. Звяртае на сябе ўвагу і напаўняе радасцю тое, што столькі маладых людзей скіруецца на СДМ, таму што яны маюць патрэбу ўзяць у іх удзел. Хтосьці скажа: «Я еду як турыст». Але любы малады чалавек, які едзе на СДМ, едзе таму, што ў глыбіні душы мае ахвоту ўдзельнічаць, дзяліцца, перадаваць свой вопыт і атрымліваць вопыт іншых. Яны адчуваюць прагу новых гарызонтаў.
Вы, маладыя людзі, якіх ужо зарэгістравалася 400 тысяч, маеце прагу новага гарызонту. На гэтай сустрэчы, падчас гэтых СДМ вы навучыцеся заўсёды кіраваць свой погляд да гарызонту, заўсёды глядзець удалячынь. Не стаўце сцяну перад сваім жыццём. Сцены закрываюць вас усярэдзіне, а гарызонт прымушае вас расці. Заўсёды глядзіце на гарызонт сваімі вачыма, але перадусім глядзіце сэрцам. Адкрыйце сваё сэрца для іншых культур, для іншых хлопцаў, для іншых дзяўчат, якія таксама прысутнічаюць на Сусветных днях моладзі.
Рыхтуйцеся да гэтага: адкрыць гарызонты, адкрыць свае сэрцы. І дзякуй за тое, што вы зарэгістраваліся настолькі загадзя. Будзем спадзявацца, што іншыя рушаць за вашым прыкладам. Няхай Бог вас благаславіць, няхай Панна Марыя апякуецца вамі. Маліцеся за мяне, бо я малюся за вас. І не забывайцеся: «не» — сценам, «так» — гарызонтам. Дзякуй.