Завяршыўшы ў мінулую сераду разважанні пра распазнаванне, падчас агульнай аўдыенцыі, якая 11 студзеня прайшла ў Зале Паўла VI у Ватыкане, Святы Айцец распачаў цыкл катэхез, прысвечаных евангелізацыйнай руплівасці і апостальскаму запалу.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, перадусім Папа Францішак падкрэсліў, што гаворка ідзе пра «жыццёва важнае вымярэнне для Касцёла», бо «супольнасць вучняў Езуса нарадзілася апостальскай, місійнай»: Святы Дух фармуе яе такім чынам, што яна скіравана на выйсце да людзей, «каб не была замкнёнай у сабе, але экстравертнай, заразлівай сведкай Езуса, што імкнецца выпраменьваць Яго святло ажно да краю зямлі».
«Аднак можа здарыцца так, што апостальскі запал, жаданне дасягнуць іншых з добрай весткай Евангелля аслабне», — папярэдзіў Пантыфік, дадаўшы, што «калі хрысціянскае жыццё губляе з поля зроку гарызонт евангелізацыі, гарызонт абвяшчэння, яно захворвае: замыкаецца ў сабе, становіцца самадастатковым, атрафіруецца».
«Без апостальскага запалу вера слабне. Місіянерства ж, наадварот, з’яўляецца кіслародам хрысціянскага жыцця: яно ажыўляе і ачышчае яго», — сказаў Папа.
У якасці прыкладу паклікання да місіі ён прывёў гісторыю святога Мацвея, апісаную самім апосталам у яго Евангеллі (Мц 9, 9–13). «Усё пачалося з Езуса, які „ўбачыў чалавека“, гаворыцца ў тэксце. Мала хто бачыў Мацвея такім, якім ён быў: яго ведалі як таго, хто „сядзеў на мытні“. Фактычна ён быў зборшчыкам падаткаў: тым, хто збіраў падаткі ад імя Рымскай імперыі, якая акупавала Палестыну. Іншымі словамі, ён быў калабарантам, здраднікам народа. Але ў вачах Езуса Мацвей быў чалавекам са сваёй мізэрнасцю і веліччу», — зазначыў Пантыфік.
«І хоць паміж Мацвеем і яго народам існавала адлегласць», Езус «наблізіўся да яго, таму што Бог любіць кожнага чалавека», — дадаў Папа, адзначаючы, што позірк, які бачыць кожнага чалавека як «адрасата любові», з’яўляецца «пачаткам евангелізацыйнай руплівасці». «Усё пачынаецца з гэтага позірку, якому мы вучымся ў Езуса», — сказаў пастыр паўсюднага Касцёла, заклікаўшы задумацца над тым, як мы глядзім на бліжніх, як часта заўважаем іх хібы, а не патрэбы, навешваем на іх ярлыкі з-за таго, што яны робяць ці думаюць.
«Нават як хрысціяне мы кажам паміж сабой: ён з нашых ці не адзін з нас? Позірк Езуса не такі: Ён заўсёды глядзіць на кожнага з міласэрнасцю і прыхільнасцю. І хрысціяне пакліканы рабіць як Хрыстус, прыпадабняючыся да Яго, асабліва ў адносінах да так званых „далёкіх“. Апавяданне пра пакліканне Мацвея, насамрэч, заканчваецца словамі Езуса: „Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў“», — нагадаў Святы Айцец.
Ён заўважыў, што пасля позірку Езуса пачаўся рух: Хрыстус паглядзеў на Мацвея і сказаў: «Ідзі за Мною», а той «устаў і пайшоў за Ім». У тую эпоху, чалавек, які сядзеў, меў уладу над іншымі, што стаялі перад ім, каб выслухаць ці аддаць належнае. Езус жа адарваў Мацвея ад улады, каб не прымаў людзей седзячы, а сам пайшоў да іх; прымусіў Мацвея пакінуць пазіцыю вышэйшасці, каб паставіць яго на адзін узровень з братамі і адкрыць на гарызонт служэння. «Гэта тое, што робіць Хрыстус, і гэта фундаментальна для хрысціянаў: мы, вучні Езуса, Касцёл, мы сядзім і чакаем, пакуль прыйдуць людзі, ці мы здольныя ўставаць, выходзіць у дарогу разам з іншымі, шукаць іншых?» — спытаў Пантыфік.
Ён нагадаў, што, паглядзеўшы на Мацвея і паклікаўшы яго за сабой, Езус не адразу павёў яго да новых сустрэч і новых духоўных перажыванняў: спачатку Езус скіраваўся ў ягоны дом, дзе Мацвей падрыхтаваў для яго „вялікую гасціну“, на якую прыйшло „шмат мытнікаў“».
«Мацвей вярнуўся ў сваё асяроддзе, але вярнуўся перамененым і з Езусам. Яго апостальская руплівасць пачынаецца не ў новым, чыстым, ідэальным, далёкім месцы, але там, дзе ён жыў; з людзьмі, якіх ведаў.
Вось пасланне для нас: мы не павінны чакаць, пакуль станем дасканалымі і пройдзем доўгі шлях за Езусам, каб сведчыць пра Яго; наша абвяшчэнне пачынаецца ўжо сёння, там, дзе мы жывем. І яно пачынаецца не са спробы пераканаць іншых, але з таго, каб кожны дзень сведчыць пра прыгажосць Любові, якая паглядзела на нас і ўзняла нас», — заўважыў Святы Айцец.
Ён нагадаў словы Бэнэдыкта XVI, які сцвярджаў, што «Касцёл не займаецца празелітызмам, але расце шляхам прыцягнення». «Гэта прывабнае і радаснае сведчанне з’яўляецца мэтай, да якой Езус вядзе нас сваім позіркам любові і рухам, што скіроўвае да людзей, які Яго Дух абуджае ў сэрцы. А мы можам задумацца: ці наш позірк падобны да позірку Езуса, каб прыцягваць людзей, каб набліжаць іх да Касцёла? Давайце падумаем пра гэта», — завяршыў катэхезу Святы Айцец.