Пошук

11.01.2023 13:17   Vatican News
Ілюстрацыйная выява з адкрытых крыніц

10 студзеня было абнародавана пасланне Святога Айца Папы Францішка на 31-ы Сусветны дзень хворага, які традыцыйна будзе адзначацца ў Касцёле ва ўспамін Маці Божай Люрдскай, 11 лютага.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, тэма сёлетняга папскага паслання на Дзень хворага — «Паклапаціся пра яго. Спачуванне як сінадальнае практыкаванне аздараўлення».

«Я запрашаю вас паразважаць над тым, як менавіта праз досвед слабасці і хваробы мы можам навучыцца крочыць разам паводле Божага стылю, якім з’яўляецца блізкасць, спачуванне і пяшчота», — напісаў Пантыфік.

Ён заклікаў ставіць хворых у цэнтр увагі, каб па-сапраўднаму быць супольнасцю, якая ідзе разам і не дае заразіць сябе «культурай адчужэння». Ён заахвоціў наследаваць прыклад Добрага Самараніна, які злітаваўся над збітым і абрабаваным чалавекам, што ляжаў на ўзбочыне дарогі, не прайшоў міма, а дапамог яму, пачаўшы ствараць такім чынам «больш братэрскі свет».

Папа адзначыў, што ў сучасным грамадстве часта няма месца для ўразлівасці, таму хваробы становяцца прычынай самотнасці і згубы спакою нават у адносінах з Богам для многіх людзей. У гэтым кантэксце неабходна, каб увесь Касцёл суадносіўся з евангельскім прыкладам Добрага Самараніна, становячыся сапраўдным «палявым шпіталем».

«Мы ўсе крохкія і ўразлівыя; усім нам патрэбная спагадлівая ўвага, здольная спыняцца, набліжацца, атуляць клопатам і дапамагаць падняцца», — напісаў Святы Айцец, дадаўшы, што стан хворых людзей — гэта заклік «перамагчы абыякавасць і запаволіць крок, для тых, хто ідзе так, быццам не мае братоў і сясцёр».

Пантыфік адзначыў, што Сусветны дзень хворага заклікае не толькі да малітвы і блізкасці да людзей у пакутах; ён таксама мае на мэце прыцягнуць увагу Божага народа, установаў аховы здароўя і грамадзянскай супольнасці да магчымасці «па-новаму крочыць разам».

Папа заклікаў задумацца пра служэнне святароў, працу медыцынскіх і сацыяльных работнікаў, пра высілкі членаў сем’яў і валанцёраў, «дзякуючы якім кожны дзень ва ўсіх частках свету дабро супрацьстаіць злу». Ён заахвоціў да актыўнага пошуку стратэгій і рэсурсаў, «каб кожнаму чалавеку быў гарантаваны доступ да лячэння і фундаментальнае права на здароўе».

«Паклапаціся пра яго» (Лк 10, 35) — гэтую просьбу самараніна карчмару Езус скіроўвае сёння да кожнага з нас, — перакананы пастыр паўсюднага Касцёла.

«Мы створаныя для паўнаты, якой можна дасягнуць толькі ў любові» і таму «не можам быць абыякавымі да цярпення», — сцвярджае Святы Айцец.

«Важным з’яўляецца не толькі тое, што функцыянуе, і не толькі той, хто стварае даброты. Хворыя знаходзяцца ў цэнтры Божага народа, які ідзе наперад разам з імі як прароцтва чалавецтва, у якім кожны каштоўны і ніхто не павінен быць адкінуты», — падкрэсліў Папа Францішак, даручыўшы апецы Багародзіцы хворых і ўсіх, кто клапоціцца пра іх.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця