Пошук

06.01.2023 13:58   Vatican News
Фота: AP Photo / Andrew Medichini

Падчас агульнай аўдыенцыі 4 студзеня Папа Францішак завяршыў серыю катэхез аб распазнаванні.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, напачатку Папа Францішак аддаў пашану Бэнэдыкту XVI. «Езус — Уваскрослы і Укрыжаваны, Жывы і Пан — гэта была мэта, да якой вёў нас Папа Бэнэдыкт, трымаючы за руку. Няхай дапаможа нам нанава адкрыць у Хрысце радасць веры і надзею жыцця», — сказаў Пантыфік.

Гаворачы аб духоўным суправаджэнні, Папа Францішак адзначыў, што яно важна перш за ўсё для самапазнання, якое з’яўляецца неабходнай умовай для распазнавання. Ён падкрэсліў важнасць досведу крохкасці, які чалавек павінен навучыцца паважаць і прымаць, бо ахвяраваны Богу, ён робіць нас здольнымі да пяшчоты, міласэрнасці і любові. Бог, каб зрабіць нас падобнымі да сябе, хацеў да канца падзяліць нашую слабасць.

Папа адзначыў, што духоўнае суправаджэнне дапамагае выкрыць сур’ёзныя непаразуменні ў нашым успрыманні сябе і ў адносінах з Богам.

«Людзі, якія перажываюць рэальную сустрэчу з Езусам, не баяцца адкрыць перад Ім свае сэрцы, прадставіць сваю бездапаможнасць і недастатковасць. Такім чынам, іх дзяленне сабой становіцца вопытам збаўлення, дарам атрыманага прабачэння», — звярнуў увагу Святы Айцец.

Ён дадаў, што шчырая размова з іншым чалавекам пра тое, што мы перажылі або чаго шукаем, дапамагае перш за ўсё атрымаць яснасць для саміх сябе, выносячы на святло многія думкі, якія знаходзяцца ўнутры нас і якія часта трывожаць нас сваімі настойлівымі паўторамі.

Пастыр паўсюднага Касцёла звярнуў увагу на тое, што чалавек, які здзяйсняе духоўнае суправаджэнне, не замяняе сабой Бога, не працуе замест чалавека, якога суправаджае, але ідзе побач з ім, заахвочвае яго чытаць тое, што выклікае хваляванне ў яго сэрцы, а гэта месца, дзе Пан гаворыць у поўнай меры. Ён падкрэсліў эклезіяльнае вымярэнне такога служэння.

Паводле Пантыфіка, менавіта Дзева Марыя з’яўляецца настаўніцай распазнавання: Яна вучыць нас быць такімі, якімі хоча нас бачыць Езус.

«Распазнаванне — гэта мастацтва; мастацтва, якому можна навучыцца і якое мае свае правілы. Калі яго добра засвоіць, гэта дазволіць вам перажываць свой духоўны вопыт усё больш і больш дасканала і ўпарадкавана. Перш за ўсё, распазнаванне — гэта дар ад Бога, аб якім мы павінны заўсёды прасіць, ніколі не лічачы сябе экспертамі або самадастатковымі», — заўважыў Папа.

«Божы голас заўсёды можна пазнаць, ён мае свой непаўторны стыль: гэта голас, які супакойвае, падтрымлівае і падбадзёрвае ў цяжкасцях», — сказаў на заканчэнне катэхезы Святы Айцец.

Агульную аўдыенцыю ён завяршыў просьбай аб малітве за ўкраінскі народ. «Заклікаю ўсіх верна трываць у сардэчнай і салідарнай блізкасці з украінскім народам, які так пакутуе. Памолімся за дар міру для яго. Будзем нястомна маліцца. Украінскі народ пакутуе. Пакутуюць украінскія дзеці. Памолімся за іх», — заахвоціў вернікаў Папа Францішак.

Абноўлена 06.01.2023 14:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.