5 студзеня а 9-й гадзіне па цэнтральнаеўрапейскім часе (а 11-й па мінскім) распачнецца прамая трансляцыя з Ватыкана пахавання Папы эмэрыта Бэнэдыкта XVI, які адышоў у вечнасць 31 снежня 2022 года.
Увечары напярэдадні цела Бэнэдыкта XVI, якое з панядзелка знаходзілася ў ватыканскай базыліцы святога Пятра, было змешчана ў кіпарысавай труне.
Як са спасылкай на кіраўніка прэс-службы Святога Пасаду Матэо Бруні паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у труну таксама былі пакладзены манеты і медалі, адчаканеныя падчас пантыфікату Бэнэдыкта XVI у 2005–2013 гадах, яго палій і так званы rogito — тэкст, які коратка апісвае яго пантыфікат.
У дзень пахавання, 5 студзеня, у 8.50 (у 10.50 па мінскім часе) труну вынесуць на плошчу святога Пятра, пасля чаго вернікі памоляцца Ружанец ў інтэнцыі спачылага Папы эмэрыта.
З 11.00 па мінскім часе будзе весціся прамая трансляцыя пахавальных абрадаў з Ватыкана, якую можна паглядзець анлайн з каментаром на польскай мове на сайце каталіцкага тэлебачання Trwam>>>
У 11.30 па мінскім часе распачнецца пахавальная святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліць кардынал Джаванні Батыста Рэ, дэкан Калегіі кардыналаў. Папа Францішак прамовіць гамілію і ўзначаліць абрад апошняга развітання, уключаючы акрапленне асвячонай вадой і акаджванне труны з целам Бэнэдыкта XVI.
Пасля Эўхарыстыі труну змесцяць у магіле, падрыхтаванай у гротах базылікі святога Пятра на тым самым месцы, дзе ў 1963–2000 гадах спачывалі парэшткі святога Яна XXIII, а ў 2005–2011 гадах — святога Яна Паўла ІІ.
Кіпарысавая труна будзе спавітая адмысловай стужкай з пячаткамі Апостальскай палаты, Папскага дома і Службы папскіх літургічных цэлебрацый. Яе змесцяць у цынкавай труне, якая будзе запячатана, а тая, у сваю чаргу, будзе змешчана ў драўлянай. Закладанне труны ў магілу не будзе транслявацца па тэлебачанні, паколькі з’яўляецца прыватнай цырымоніяй.
Кіраўнік ватыканскай прэс-службы растлумачыў, што пахаванне Бэнэдыкта XVI практычна паўтарае абрады пахавання Пантыфікаў. Будуць адсутнічаць толькі некаторыя элементы, такія як заключныя малітвы Рымскага Касцёла і Усходніх Касцёлаў, якія ўжываюцца ў выпадку смерці дзеючага Папы.