Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека паведаміла тэму 31-а Сусветнага дня хворага, які будзе адзначацца 11 лютага 2023 года, ва ўспамін Маці Божай Люрдскай.
Пасланне Яго Святасці Папы Францішка на 31-ы Сусветны дзень хворага будзе абнародавана 10 студзеня.
Тэма сёлетняга дня хворага — «„Паклапаціся пра яго“. Спачуванне як сінадальнае практыкаванне аздараўлення».
Штогод 11 лютага, ва ўспамін Маці Божай з Люрда, у Каталіцкім Касцёле па ініцыятыве святога Яна Паўла ІІ адзначаецца Сусветны дзень хворага.
13 мая 1992 года Ян Павел ІІ у лісце да кардынала Ф’ярэнцо Анджэліні, тагачаснага старшыні Папскай рады па пастырскай апецы над работнікамі сферы аховы здароўя, рэкамендаваў прысвяціць адзін дзень у годзе асаблівай ўвазе да тых, хто церпіць душой і целам.
Такім днём стаў успамін Маці Божай з Люрда.