Пошук

22.12.2022 17:45   Паводле: Vatican News
Фота: REUTERS / Yara Nardi

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 21 снежня прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI, Святы Айцец працягнуў цыкл катэхетычных разважанняў, прысвечаных духоўнаму распазнаванню.

Са зместам папскай катэхезы знаёміць Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News. Пантыфік адзначыў, што жыццё з’яўляецца складаным, а калі мы не навучымся «чытаць» яго, то рызыкуем яго змарнаваць.

«Падчас нашай першай сустрэчы мы ўбачылі, што заўсёды, кожны дзень, хочам мы таго ці не, мы здзяйсняем акты распазнавання ў тым, што мы ямо, чытаем, на працы, у адносінах — ва ўсім.

Жыццё заўсёды ставіць нас перад выбарам, і калі мы не робім яго свядома, у рэшце рэшт жыццё выбірае за нас, вядзе нас туды, куды мы не хочам», — заўважыў Папа і прапанаваў паразважаць пра дадатковую дапамогу, якая можа палегчыць распазнаванне. Першай ён назваў «супастаўленне з Божым словам і вучэннем Касцёла». Гэта дапамагае нам разумець тое, што адбываецца ў сэрцы, «вучыцца распазнаваць голас Бога і адрозніваць яго ад іншых галасоў».

Пантыфік нагадаў, што голас Бога гучыць у спакоі і цішыні. «Узгадаем досвед прарока Іллі: Пан прамаўляе да яго не ў ветры, які расколвае камяні, не ў агні ці землятрусе, а ў лёгкім ветрыку. Гэта вельмі прыгожы вобраз, які дапамагае зразумець, як прамаўляе Бог», — зазначыў Святы Айцец, дадаўшы, што Бог не навязвае сябе: Яго словы паважаюць слухача і напаўняюць спакоем, неабходным, «каб распазнаць сапраўдныя жаданні, якія Пан уклаў у нашыя сэрцы».

Папа звярнуў увагу на тое, што «Божае слова для верніка — гэта не проста тэкст для чытання», але «жывая прысутнасць, дзеянне Святога Духа, які суцяшае, навучае, дае святло, моц, адпачынак і радасць жыцця».

Пантыфік таксама заўважыў, што невялікія біблійныя ўрыўкі — гэта быццам «тэлеграмы ад Бога, якія трапляюць нам проста ў сэрца», і нясуць у сабе сапраўднае «прадчуванне раю».

Другая дапамога ў распазнаванні — гэта блізкія адносіны з Панам. Пантыфік заўважыў, што вельмі часта мы можам мець «скажонае ўяўленне пра Бога», успрымаючы Яго як панурага, суровага суддзю, гатовага пакараць нас. «Наадварот, Езус адкрывае нам Бога, поўнага спагады і пяшчоты, гатовага ахвяраваць сабой дзеля сустрэчы з намі, як бацька з прыпавесці пра марнатраўнага сына», — запэўніў пастыр паўсюднага Касцёла.

«Тыя, хто прабывае перад Укрыжаванным, адчуваюць новы супакой, вучацца не баяцца Бога, бо Езус на крыжы нікога не палохае; Ён — вобраз поўнага бяссілля і адначасова найпаўнейшай любові, здольнай прыняць любое выпрабаванне дзеля нас», — сказаў Папа.

Ён дадаў, што аповед пра Муку Езуса ўказвае галоўны шлях супрацьстаяння злу, не паддаючыся яму; у ім няма асуджэння і нават роспачы, таму што яго перасякае большае святло: святло Вялікадня, якое дазваляе нам убачыць у гэтых жудасных дзеяннях большую задуму, якую не могуць зрабіць марнай ніякія перашкоды, бар’еры або няўдачы».

Папа Францішак зазначыў, што цудоўна думаць пра адносіны з Панам як пра сяброўства, якое ўмацоўваецца з кожным днём. Гэтае «сяброўства здольнае змяняць сэрцы»; «гэта адзін з вялікіх дароў Духа Святога — пабожнасць, якая робіць нас здольнымі распазнаваць айцоўства Бога», любові якога нішто не можа супрацьстаяць.

Папа падкрэсліў, што гэта нагадвае нам пра яшчэ адну вялікую дапамогу — дар Духа Святога, які прысутнічае ў нас, які навучае нас, робіць жывым Божае слова, якое мы чытаем, адчыняе дзверы, якія здаваліся зачыненымі, указвае шляхі жыцця там, дзе, як здавалася, былі толькі цемра і блытаніна.

«Святы Дух — гэта распазнаванне ў дзеянні, прысутнасць Бога ў нас; гэта найвялікшы дар, які Айцец гарантуе тым, хто аб ім просіць», — сказаў Пантыфік.

Напрыканцы катэхезы ён нагадаў словы, якімі Літургія гадзін распачынае асноўныя моманты малітвы на працягу дня: «Божа, прыйдзі мне на дапамогу, Пане, паспяшы да мяне на паратунак». Святы Айцец заўважыў, што гэта малітва аб збаўленні — нястрымная просьба, якая зыходзіць з глыбіні нашай душы. «Заданнем распазнавання з’яўляецца распазнаванне збаўлення, якое Пан споўніў у маім жыцці; яно нагадвае мне, што я ніколі не самотны і што працягваю барацьбу менавіта таму, што стаўка ў гульні вельмі высокая», — сцвердзіў Папа Францішак, заўважыўшы, што з гэтай дапамогай, якую Пан дае нам, мы не павінны баяцца.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.