Пошук

15.12.2022 13:27   Vatican News
Фота: CNS photo/Paul Haring

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 14 снежня ў Ватыкане, Папа Францішак прысвяціў сваю катэхезу тэме пільнасці.

Як перадае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у ёй Святы Айцец падкрэсліў, што яна таксама з’яўляецца важным элементам духоўнага распазнавання, які дапамагае не змарнаваць усё тое, што было дасягнута ў яго працэсе.

«Сапраўды, у сваім прапаведаванні Езус моцна настойвае на тым, каб добры вучань быў пільным, каб чуваў, не дазваляў сабе стаць празмерна самаўпэўненым, калі справы ідуць добра, але заставаўся ўважлівым і гатовым выконваць свой абавязак», — зазначыў Пантыфік.

Ён нагадаў словы, якія Хрыстус казаў вучням: «Няхай сцёгны вашыя будуць падперазаныя і светачы запаленыя; а вы — падобныя да людзей, якія чакаюць вяртання свайго гаспадара з вяселля, каб, калі прыйдзе і пастукаецца, адразу адчыніць яму. Шчаслівыя тыя слугі, якіх гаспадар знойдзе ў чуванні, калі прыйдзе» (Лк 12, 35–37).

Папа патлумачыў, што гаворка ідзе пра «стан душы хрысціянаў, якія чакаюць канчатковага прыйсця Пана»; але гэта «таксама можна разумець як штодзёную пазіцыю, якую трэба захоўваць у жыцці», каб «нашыя добрыя рашэнні, часам прынятыя пасля сур’ёзнага распазнавання, маглі настойліва і паслядоўна трываць і прыносіць плён».

Святы Айцец перасцярог, што без пільнасці існуе рызыка таго, што ўсё дасягнутае будзе страчана.

«Гаворка ідзе не пра небяспеку псіхалагічнага парадку, а пра духоўную небяспеку, пра сапраўдную пастку злога духа», — падкрэсліў ён, дадаўшы, што д’ябал заўсёды чакае моманту калі чалавек будзе празмерна ўпэўнены ў сабе, калі будзе адчуваць сябе ў парадку, калі яго справы будуць ісці вельмі добра і ён, нарэшце, згубіць пакору, неабходную, каб бараніць сваё сэрца.

Пастыр паўсюднага Касцёла заўважыў, што ў такім выпадку злы дух можа ўвайсці ў сэрца чалавека, як у дом, «незаняты, падмецены і ўпрыгожаны», але які ніхто не ахоўвае. І ён прыходзіць не адзін, а разам з «сямю іншымі духамі, злейшымі за сябе». «Адно можна сказаць напэўна: тут уваходзіць у гульню кепская ганарлівасць, упэўненасць у тым, што маем рацыю, што здольныя, што ўсё ў нас у парадку…

Калі мы занадта давяраем самім сабе, а не Божай ласцы, тады злы дух знаходзіць дзверы адчыненымі. У выніку ён здзяйсняе напад і завалодвае гэтым домам. І Езус падводзіць выснову: „І бывае апошняе для чалавека таго горшым за першае“», — сказаў Папа.

Святы Айцец дадаў, што злы дух дзейнічае непрыкметна; уваходзіць, пераапрануўшыся ў анёла, таму вельмі важна чуваць, ахоўваць дзверы ў сэрца. «Недастаткова добра распазнаць і зрабіць правільны выбар. Мы павінны заставацца пільнымі», — сцвердзіў Папа Францішак, падкрэсліўшы, што «пільнасць — гэта знак мудрасці, а перш за ўсё гэта знак пакоры», якая з’яўляецца «галоўным шляхам хрысціянскага жыцця».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця