5–6 снежня ў ватыканскім Доме святой Марты прайшло пасяджэнне Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам.
Як са спасылкай на прэс-службу Святога Пасаду паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у нарадзе бралі ўдзел кардыналы: П’етро Паралін, Джузэпэ Бэртэла, Оскар Радрыгес Марадзьяга, Рэйнхард Маркс, Шон Патрык О’Мэлі, Освальд Грасіяс, Фрыдалін Амбонга Бэсунгу і Сакратар структуры біскуп Марко Мэліна.
Папа Францішак таксама браў удзел у пасяджэнні.
5 снежня члены Рады ўдзельнічалі ў эўхарыстычнай цэлебрацыі ў інтэнцыі спачылага ганскага кардынала Рычарда Куіа Баавобра, якая прайшла ў ватыканскай базыліцы святога Пятра. Потым разам з Папам іерархі засяродзіліся на працы COP27 у Егіпце, пазнаёміўшыся з дакладамі кардыналаў Параліна і Амбонга Бэсунгу.
У аўторак 6 снежня кардыналы разам са Святым Айцом разважалі над кантынентальнай фазай Сіноду на падставе даклада кардынала Марыё Грэка і плёнаў працэсу «лічбавага Сіноду», распрацаванага ў супрацоўніцтве з Дыкастэрыяй па камунікацыі.
Напрыканцы кардынал О’Мэлі пазнаёміў з нядаўнімі дзеяннямі Камісіі па абароне непаўналетніх на карысць Канферэнцый біскупаў і Рымскай Курыі. У другой палове дня кардынал Грасіас распавёў пра канферэнцыю Федэрацыі біскупаў Азіі, якая прайшла ў Бангкоку ў кастрычніку.
Сустрэча стала магчымасцю для ўзаемнага інфармавання аб некаторых бягучых справах у розных геаграфічных рэгіёнах і для агульнай ацэнкі дзейнасці Рады за апошнія гады.
Наступнае пасяджэнне рады прызначана на красавік 2023 года.