Пошук

01.12.2022 08:08   Vatican News
Фота: CNS photo / Paul Haring

Пра важнасць штодзённага рахунка сумлення нагадаў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая 30 лістапада прайшла на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, працягваючы цыкл катэхез аб духоўным распазнаванні, Святы Айцец закрануў тэму сапраўднага суцяшэння. Прапануючы задумацца над яго крытэрыямі, ён спаслаўся на святога Ігнацыя Лаёлу, які ў «Духоўных практыкаваннях» сцвярджаў, што «калі ў нашых думках пачатак, сярэдзіна і завяршэнне цалкам добрыя, скіраваныя да таго, што цалкам добрае, гэта знак добрага анёла».

Каб патлумачыць, што значыць добры пачатак думак, Папа Францішак прывёў у прыклад сітуацыю, калі ўзнікае жаданне памаліцца. Добры пачатак, гэта калі думка пра малітву выклікана любоўю да Пана і бліжняга, жаданнем рабіць шчодрыя, міласэрныя ўчынкі. «Аднак такая думка можа ўзнікнуць, каб пазбегнуць працы ці даручэння, якое мне было дадзена: кожны раз, калі мне трэба памыць посуд ці прыбраць у доме, у мяне ўзнікае вялікае жаданне пачаць маліцца!

Але малітва — гэта не ўцёкі ад абавязкаў: наадварот, гэта дапамога ў дасягненні дабра, да якога мы пакліканы тут і цяпер», — сказаў Пантыфік.

Гаворачы пра добрую сярэдзіну, ён зноў звярнуўся да прыкладу малітвы, заклікаючы падчас яе асцерагацца паводзін евангельскага фарысея з прыпавесці: засяроджанасці на сабе, задаволенасці сабой, пагарды іншымі. Усё гэта прыкметы таго, што злы дух выкарыстаў думку пра малітву як «ключ, каб увайсці ў маё сэрца і перадаць мне свае пачуцці», — папярэдзіў Папа.

Ён адзначыў, што трэба таксама быць уважлівымі да таго, куды прыводзяць нас думкі, якое маюць завяршэнне. «Напрыклад, можа здарыцца так, што я шмат працую дзеля цудоўнай і годнай справы, але гэта падштурхоўвае мяне перастаць маліцца, і я станаўлюся больш агрэсіўным і злым; лічу, што ўсё залежыць ад мяне, пакуль не страчу веру ў Бога. Тут відавочна ёсць дзеянне злога духа», — сцвердзіў Святы Айцец.

Ён нагадаў, што д’ябал дзейнічае хітра і непрыкметна: «зыходзіць з таго, што нам найбольш дарагое, а потым пакрысе прыцягвае нас да сябе: зло ўваходзіць пакрыёма, незаўважна для чалавека».

У сувязі з гэтым пастыр паўсюднага Касцёла адзначыў важнасць «цярплівай, але незаменнай праверкі паходжання і праўдзівасці ўласных думак — гэта заклік вучыцца на досведзе; на тым, што з намі адбываецца, каб не паўтараць тых самых памылак».

«Чым больш мы пазнаем сябе, тым больш разумеем, адкуль уваходзіць злы дух, яго „паролі“, уваходныя дзверы ў наша сэрца, пункты, да якіх мы найбольш адчувальныя, каб звяртаць на іх увагу ў будучыні», — зазначыў Святы Айцец, заклікаўшы да штодзённага рахунку сумлення, бо «разуменне таго, што адбываецца, важна: гэта знак таго, што Божая ласка дзейнічае ў нас, дапамагае нам расці ў свабодзе і свядомасці».

«Сапраўднае суцяшэнне з’яўляецца своеасаблівым пацвярджэннем таго, што мы робім тое, што хоча ад нас Бог, што мы ідзем Яго шляхамі, гэта значыць шляхамі жыцця, радасці, супакою. Па сутнасці, распазнаванне не датычыцца проста дабра ці найбольш магчымага дабра, але таго, што добра для мяне тут і цяпер: я пакліканы ўзрастаць на гэтым, абмяжоўваючы іншыя прывабныя, але нерэальныя прапановы, каб не быць падманутым у пошуках сапраўднага дабра», — завяршыў сваю катэхезу Папа Францішак.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа