Пошук

24.11.2022 09:09   Vatican News
Фота: AP Photo / Andrew Medichini

Значэнню суцяшэння ў працэсе духоўнага распазнавання прысвяціў Папа Францішак сваю катэхезу падчас агульнай аўдыенцыі, якая 23 лістапада прайшла на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане.

Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік адзначыў, што духоўнае суцяшэнне — гэта святло ў душы і вельмі важны элемент распазнавання.

«Гэта перажыванне ўнутранай радасці, што дазваляе бачыць прысутнасць Бога ва ўсім; яно ўмацоўвае веру і надзею, а таксама здольнасць рабіць дабро. Чалавек, які адчувае суцяшэнне, не апускае рукі перад абліччам цяжкасцяў, таму што адчувае супакой, мацнейшы за выпрабаванне. Таму гэта вялікі дар для духоўнага жыцця і для жыцця ў цэлым», — заўважыў Святы Айцец.

Папа дадаў, што духоўнае суцяшэнне — «гэта ўнутраны рух, які дакранаецца да глыбіні нас саміх». Ён не кідкі, але мяккі і далікатны: «чалавек адчувае сябе агорнутым прысутнасцю Бога, што заўсёды паважае яго свабоду». Гаворка не ідзе пра прымус волі ці «мімалётную эйфарыю», бо «нават пачуццё болю — напрыклад, за ўласныя грахі — можа стаць прычынай суцяшэння», — сцвердзіў Папа.

Ён нагадаў пра досвед, перажыты святым Аўгустынам, калі ён казаў сваёй маці Моніцы пра прыгажосць вечнага жыцця; пра дасканалую радасць святога Францішка, між іншым звязаную з цяжкімі жыццёвымі сітуацыямі. «Падумаем пра шматлікіх святых, якія былі здольныя на вялікія справы не таму, што лічылі сябе добрымі і здольнымі, але таму, што былі захоплены супакойваючай ласкавасцю Божай любові», — заўважыў Святы Айцец, дадаўшы, што менавіта такі спакой са здзіўленнем заўважаў у сабе святы Ігнацый, калі чытаў біяграфіі святых, а таксама Эдыта Штайн пасля свайго навяртання.

Папа Францішак падкрэсліў, што духоўнае суцяшэнне звязана з надзеяй, скіравана ў будучыню, даючы магчымасць распачынаць ініцыятывы, якія да гэтага моманту адкладаліся.

У той жа час суцяшэннем нельга кіраваць, яго нельга запраграмаваць па ўласным жаданні: яно з’яўляецца дарам Духа Святога і дазваляе блізкасць з Богам, якая нібы скасоўвае адлегласці.

Пантыфік нагадаў, як святая Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса, наведваючы ва ўзросце чатырнаццаці гадоў базыліку Святога Крыжа Ерузалемскага ў Рыме, спрабавала дакрануцца там да аднаго з цвікоў, якімі быў укрыжаваны Езус, бо адчула такое жаданне як «парыў любові і даверу».

«Чатырнаццацігадовая дзяўчынка дае нам цудоўнае апісанне духоўнага суцяшэння: яна адчувала пачуццё пяшчоты да Бога, якое робіць чалавека смелым у жаданні ўдзельнічаць у Яго жыцці, рабіць тое, што падабаецца Яму, бо адчуваем сябе блізкімі да Яго, адчуваем, што Яго дом — гэта наш дом, адчуваем сябе прынятымі, любімымі, адноўленымі», — сказаў Папа, дадаўшы, што дзякуючы такому суцяшэнню мы не скараемся перад абліччам цяжкасцяў. «Насамрэч, з такой жа адвагаю Тэрэза прасіла ў Папы дазволу ўступіць у Кармэль, хоць і была занадта маладая, і яе просьба была выслухана», — прыгадаў пастыр паўсюднага Касцёла.

Ён таксама звярнуў увагу на тое, што існуе фальшывае суцяшэнне. Пры гэтым Папа адзначыў, што ў духоўным жыцці адбываецца нешта падобнае да таго, што адбываецца ў чалавечай дзейнасці: ёсць арыгіналы, а ёсць падробкі. «Калі сапраўднае суцяшэнне падобнае да кроплі на губцы, яно пяшчотнае і ўнутранае, то яго падробкі больш гучныя і кідкія: гэта ўспышкі, бессэнсоўныя, якія вядуць да замыкання ў сабе і няўвагі да іншых. Ілюзорнае суцяшэнне ў рэшце рэшт пакідае нас пустымі, далёкімі ад цэнтра нашага існавання», — заўважыў Святы Айцец.

«Вось чаму патрэбна распазнаванне таксама і тады, калі адчуваеш суцяшэнне», — патлумачыў ён, дадаўшы, што фальшывае суцяшэнне можа стаць небяспечным, «калі мы шукаем яго як самамэты, апантана і забываючыся пра Пана».

Пантыфік нагадаў словы святога Бэрнарда, які казаў, што тады «чалавек шукае суцяшэння Божага, але не шукае Бога суцяшэння». Гэта паводзіны дзіцяці, якое шукае бацькоў толькі для таго, каб атрымаць ад іх нешта, але не дзеля іх самі. «Мы таксама рызыкуем жыць нашымі адносінамі з Богам інфантыльна, шукаючы выгоды, зводзячы Яго да аб’екта для нашага выкарыстання і спажывання, страціўшы найпрыгажэйшы дар, якім з’яўляецца Ён сам», — асцярог на заканчэнне катэхезы Папа Францішак.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.