Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 16 лістапада прайшла на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, Папа Францішак працягнуў цыкл катэхез, прысвечаны духоўнаму распазнаванню, засяродзіўшы ўвагу на стане спустошанасці, «калі ў сэрцы ўсё цёмна, сумна», але які «можа стаць магчымасцю для росту».
«Сапраўды, калі няма крыху незадаволенасці, здаровага смутку, здаровай здольнасці жыць у адзіноце, быць з сабой, не ўцякаючы, мы рызыкуем заўсёды заставацца на паверхні рэчаў і ніколі не ўступіць у кантакт з цэнтрам нашага існавання», — адзначыў Святы Айцец, з катэхезай якога знаёміць Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.
Папа зазначыў, што спустошанасць спрыяе заясроджанасці і пакоры, бароніць ад ветру капрызу. «Гэта неабходныя ўмовы для развіцця ў жыцці, а значыць, таксама і ў духоўным жыцці», бо ідэальны, але «асептычны» спакой, калі становіцца крытэрыем рашэнняў і паводзін, робіць нас «бесчалавечнымі, абыякавымі да пакут іншых і няздольнымі прыняць свае», — дадаў ён.
Папа Францішак падкрэсліў, што «дасканалага спакою» нельга дасягнуць шляхам абыякавасці.
«Для многіх святых мужчын і жанчын неспакой быў вызначальным штуршком да перамены жыцця», — сказаў ён, ставячы ў прыклад Аўгустына Гіпонскага, Эдыту Штайн, Джузэпэ Бэнэдэто Каталенга, Шарля дэ Фуко.
«Спустошанасць — гэта таксама запрашэнне быць бескарыслівым, а не дзейнічаць заўсёды і толькі дзеля эмацыйнага задавальнення. Спустошанасць дае нам магчымасць узрастаць, пачынаць больш сталыя, больш прыгожыя адносіны з Панам і з блізкімі; адносіны, якія не зводзяцца да простага абмену: даваць і мець. Давайце падумаем пра сваё дзяцінства. У маленстве часта бывае так, што мы шукаем бацькоў, каб атрымаць ад іх што-небудзь: цацку, грошы, каб купіць марозіва, нейкі дазвол… І таму мы шукаем іх не дзеля іх саміх, а дзеля выгады. Але самы вялікі падарунак — гэта яны, бацькі, і мы гэта паступова разумеем, сталеючы», — сказаў Папа.
Святы Айцец зазначыў, што нават многія нашыя малітвы крыху з’яўляюцца такімі: гэта просьбы аб ласках, скіраваныя да Пана, без усялякай сапраўднай цікавасці да Яго.
«У Евангеллі адзначаецца, што Езус часта быў акружаны мноствам людзей, якія шукалі Яго, каб атрымаць што-небудзь: аздараўленне, матэрыяльную дапамогу, але не для таго, каб проста быць з Ім. Яго абступалі натоўпы, але Ён быў самотны. Некаторыя святыя і нават некаторыя мастакі разважалі над гэтым станам Езуса», — падкрэсліў Пантыфік.
Папа Францішак звярнуў увагу на тое, што «можа здацца дзіўным, нерэальным, спытацца ў Пана: „Як маешся?“», але «гэта вельмі добры спосаб увайсці ў сапраўдныя, шчырыя адносіны з Яго чалавечнасцю, з Яго пакутамі, нават з Яго асаблівай самотнасцю: з Ім, які хацеў цалкам падзяліцца з намі сваім жыццём». «Нам вельмі карысна навучыцца быць з Ім, навучыцца быць з Панам без іншай мэты, дакладна як гэта бывае з людзьмі, якіх мы любім: мы хочам пазнаваць іх усё больш і больш, таму што быць з імі прыемна», — дадаў Святы Айцец.
«Дарагія браты і сёстры, духоўнае жыццё — гэта не тэхніка, якая знаходзіцца ў нашым распараджэнні; гэта не праграма ўнутранага „дабрабыту“, якую мы самі павінны наладзіць. Не.
Духоўнае жыццё — гэта адносіны з Жывой Істотай, з Богам, якія не зводзяцца да нашых катэгорый. Такім чынам, спустошанасць з’яўляецца найбольш ясным адказам на абвінавачванне ў тым, што пазнанне Бога — гэта форма ўнушэння, простая праекцыя нашых жаданняў. <…> У такім выпадку мы б заўсёды самі праграмавалі яе, заўсёды былі б шчаслівыя і задаволеныя, як пласцінка, якая паўтарае тую ж самую мелодыю. Наадварот, тыя, хто моліцца, разумеюць, што вынікі непрадказальныя», — сцвердзіў пастыр паўсюднага Касцёла.
Пантыфік нагадаў, што перажыванні і ўрыўкі з Бібліі, якія часта ўзрушвалі нас, сёння, як ні дзіўна, могуць не выклікаць ніякага энтузіязму. «І гэтак жа нечакана, перажыванні, сустрэчы і чытанні, якіх мы ніколі не заўважалі або якіх хацелі б пазбегнуць, як, напрыклад, досвед крыжа, прыносяць бязмежны супакой. Не бойцеся спустошанасці, перажывайце яе з настойлівасцю, не ўцякайце і шукайце ў ёй сэрца Хрыста, шукайце Пана, а адказ прыйдзе заўсёды», — заахвоціў Святы Айцец.
«Таму перад абліччам цяжкасцяў ніколі не падайце духам, але рашуча адказвайце на выпрабаванне з дапамогай Божай ласкі, у якой у нас ніколі не будзе нястачы. І калі мы пачуем у сабе настойлівы голас, які хоча адцягнуць нас ад малітвы, давайце навучымся выкрываць яго як голас спакусніка, і не дазволім яму падмануць нас: будзем проста рабіць адваротнае таму, што ён кажа нам», — параіў Папа Францішак на заканчэнне катэхезы.