На заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая прайшла ў сераду 16 лістапада ў Ватыкане, Папа Францішак асудзіў масаваны ракетны ўдар па Украіне. Раней Святы Айцец запэўніў у сваёй малітве за ахвяр тэракту ў турэцкім Стамбуле.
«З пачуццём болю і трывогі я ўспрыняў паведамленне пра новы, яшчэ больш магутны ракетны ўдар па Украіне, які нанёс велізарны ўрон шматлікім аб’ектам грамадзянскай інфраструктуры. Молімся, каб Пан навярнуў сэрцы тых, хто ўсё яшчэ робіць стаўку на вайну, і каб для змучанай Украіны ўзяло верх прагненне міру, каб прадухіліць любую эскалацыю і адкрыць шлях да спынення вайны і дыялогу», — сказаў Папа Францішак, словы якога перадала Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.
«Няхай наша няспынная малітва ўзносіцца таксама за шматпакутную Украіну: няхай Пан дасць украінцам суцяшэнне, вытрываласць у гэтых выпрабаваннях і надзею на мір», — сказаў Папа і дадаў: «Мы можам маліцца за Украіну, кажучы: „Паспяшайся, Пане!“».
Як паведамляла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News днём раней, у дасланай тэлеграме за подпісам кардынала Дзяржсакратара П’етро Параліна, Пантыфік запэўніў у сваёй малітве за ахвяр тэракту ў турэцкім Стамбуле.
«Яго Святасць Папа Францішак з глыбокім смуткам даведаўся пра гібель людзей у нядзелю ў Стамбуле. Ён выказвае спачуванні сем’ям і сябрам загінулых.
Запэўніваючы ў сваёй духоўнай блізкасці параненых і тых, хто аплаквае страту сваіх блізкіх, Яго Святасць моліцца, каб ніякія акты насілля не аслабілі намаганні народа Турцыі па будаванні грамадства, заснаванага на каштоўнасцях братэрства, справядлівасці і міру», — гаворыцца ў тэлеграме.
Магутны выбух на адной з цэнтральных вуліц Стамбула здарыўся ў нядзелю 13 лістапада. У выніку загінулі па меншай меры шэсць чалавек, каля 80 атрымалі раненні. Турэцкая паліцыя класіфікавала здарэнне як тэракт.
Вітаючы пілігрымаў на заканчэнне агульнай аўдыенцыі ў сераду, Святы Айцец яшчэ раз запэўніў у малітве за нявінных ахвяраў гэтага тэрарыстычнага нападу.