Пасол Расійскай Федэрацыі пры Святым Пасадзе Аляксандр Аўдзееў прызнаў, што Папа Францішак паспрыяў абменам палоннымі з Украінай, і сцвердзіў, што Ватыкан гатовы выконваць ролю пасрэдніка паміж Украінай і Расіяй.
Як паведаміла італьянскае інфармацыйнае агенцтва Askanews, расійскі пасол у Ватыкане сказаў, што абмен адбываецца ў адпаведнасці са спісамі палонных Узброеных сіл Украіны. Гэтыя спісы перадае Святы Айцец.
«У гэтым кантэксце мы высока ацэньваем асабістыя намаганні Папы, які рэалізуе вельмі важную гуманітарную місію, дзякуючы якой сотні людзей могуць вярнуцца да сваіх сем’яў», — адзначыў расійскі дыпламат.
Падчас сустрэчы з езуітамі ў верасні гэтага года ў Казахстане, у якой бралі ўдзел таксама айцы з Беларусі, Папа Францішак сказаў, што сустракаўся з некаторымі пасланцамі і міністрамі ўраду Украіны, адзін з якіх перадаў яму спіс з імёнамі больш як 300 палонных — грамадзянскіх і вайскоўцаў.
«Ён мяне папрасіў, каб я штосьці зрабіў, каб абмен адбыўся. Я адразу ж патэлефанаваў паслу Расіі, каб даведацца, ці можна штосьці зрабіць, ці можна прыспешыць абмен палоннымі», — распавёў Святы Айцец сваім сабратам.
Як вядома, 21 верасня Расія вызваліла 215 палонных вайскоўцаў у абмен на былога ўкраінскага дэпутата Віктара Мядзведчука, а таксама 54 іншых асоб. 15 кастрычніка абмен палоннымі закрануў 218 асоб, у тым ліку 108 жанчын, а 3 лістапада кожная з краін вызваліла 107 палонных.