Пошук

06.10.2022 08:38   Vatican News
Фота: CNS photo / Paul Haring

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 5 кастрычніка прайшла на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, Папа Францішак працягнуў катэхетычны цыкл, прысвечаны распазнаванню.

Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у чарговай катэхезе на гэтую тэму Святы Айцец заўважыў, што важную ролю ў распазнаванні адыгрывае пазнанне самога сябе, у якім задзейнічаны розныя чалавечыя здольнасці: памяць, розум, воля, пачуцці.

«Часта ў нас не атрымліваецца распазнаванне, бо мы недастаткова ведаем сябе і такім чынам не ведаем, чаго па-сапраўднаму хочам», — сцвердзіў Папа.

Ён падкрэсліў, што ў аснове духоўных сумневаў і крызісу паклікання нярэдка знаходзіцца «недастатковы дыялог паміж рэлігійным жыццём і нашым жыццём чалавечым, кагнітыўным і эмацыйным». Пантыфік працытаваў меркаванне аднаго тэолага, які казаў, што самай вялікай перашкодай для сапраўднага распазнавання — і для сапраўднага ўзрастання ў малітве — з’яўляецца той факт, «што мы недастаткова ведаем сябе і нават не хочам пазнаць, якімі з’яўляемся на самай справе», хаваючыся за маскай «не толькі ад іншых, але таксама тады, калі глядзім на сябе ў люстэрка».

«Забыццё пра прысутнасць Бога ў нашым жыцці ідзе поруч з няведаннем саміх сябе, сваіх асабістых якасцяў і нашых самых глыбокіх жаданняў», — дадаў Святы Айцец.

Папа дадаў, што пазнанне сябе патрабуе цярплівага ўнутранага даследавання, здольнасці спыняцца, «адключаць аўтапілот», задумывацца пра наш лад дзеяння, пра пачуцці, якія жывуць у нас, пра думкі, якія паўтараюцца і абумоўліваюць нас, часта несвядома. «Трэба таксама адрозніваць эмоцыі ад духоўных якасцяў», — зазначыў Папа, назваўшы сапраўднай ласкай здольнасць прызнаваць, што наш позірк на сябе і рэчаіснасць часам бывае скажоным.

«Насамрэч, вельмі часта здараецца, што памылковыя перакананні аб рэальнасці, заснаваныя на досведзе мінулага, моцна ўплываюць на нас, абмяжоўваючы нашую свабоду ў барацьбе за тое, што па-сапраўднаму вартае ў нашым жыцці», — заўважыў Святы Айцец.

«Жывучы ў эпоху інфарматыкі, мы ведаем, наколькі важна ведаць паролі для доступу ў праграмы, дзе захоўваецца самая асабістая і каштоўная інфармацыя. Духоўнае жыццё таксама мае свае паролі: ёсць словы, якія кранаюць сэрца, бо адносяцца да таго, да чаго мы па-сапраўднаму адчувальныя. Спакуснік добра ведае гэтыя ключавыя словы, і важна, каб іх ведалі таксама мы, каб не апынуцца там, дзе не жадаем», — папярэдзіў пастыр паўсюднага Касцёла.

Папа зазначыў, што «спакуса не абавязкова прапануе нешта дрэннае», але часта нешта неўпарадкаванае, чаму мы надаем празмерную важнасць: яна гіпнатызуе нас, прывабліваючы чымсьці добрым, але ілюзорным, пакідаючы ў выніку з пачуццём пустаты і смутку. «Гэта могуць быць навуковыя ступені, кар’ера, адносіны — усё, што само па сабе вартае пахвалы, але калі мы не з’яўляемся свабоднымі ў адносінах да гэтага, тады рызыкуем мець нерэальныя чаканні, такія як пацвярджэнне ўласнай вартасці.

Ад гэтага непаразумення часта нараджаюцца самыя вялікія пакуты, бо нішто з гэтых рэчаў не можа быць гарантыяй нашай годнасці», — сцвердзіў Пантыфік.

«Таму важна ведаць сябе, ведаць паролі ад нашага сэрца; тое, да чаго мы адчувальныя», каб абараніцца ад пераканаўчых маніпулятараў, а таксама быць здольнымі «распазнаваць тое, што па-сапраўднаму важнае для нас, адрозніваючы гэта ад хвіліннай моды ці кідкіх павярхоўных слоганаў», — параіў Папа.

Ён падкрэсліў, што ў гэтым дапамагае рахунак сумлення, добрая звычка спакойна разважаць над падзеямі дня, над прынятымі рашэннямі, над тым, чаму надаем найбольшую важнасць, чаго шукаем, па якой прычыне і што ў выніку знайшлі.

«У першую чаргу, трэба навучыцца распазнаваць тое, што насычае нашае сэрца. Бо толькі Пан можа пацвердзіць нам, наколькі з’яўляемся каштоўнымі. Ён кажа нам пра гэта кожны дзень з крыжа: Ён памёр за нас, каб паказаць, наколькі мы каштоўныя ў Яго вачах. Няма такой перашкоды ці няўдачы, якая магла б перашкодзіць Яго пяшчотным абдымкам. Гэта асноўныя элементы хрысціянскага існавання, каштоўныя ў пошуку ўласнага месца ў жыцці», — завяршыў катэхезу Папа Францішак.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця