Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 28 верасня прайшла на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, Папа Францішак працягнуў катэхетычны цыкл пра духоўнае распазнаванне, засяродзіўшы ўвагу на малітве як яго неад’емным элеменце.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец падкрэсліў, што малітва дае магчымасць размаўляць з Богам як з сябрам, увайсці ў блізкія адносіны з Ім, і з большай лёгкасцю распазнаваць тое, што Яму падабаецца. Пантыфік заўважыў, што менавіта блізкасць і давер да Бога былі таямніцай жыцця святых.
«Блізкасць праганяе страх ці сумнеў адносна таго, што Бог не хоча нашага дабра: спакусу, якая часам пранізвае нашы думкі і сэрцы, неспакойныя і няўпэўненыя», — сказаў Папа.
Ён зазначыў, што духоўнае распазнанне не прэтэндуе на гарантаванне абсалютнай упэўненасці, бо датычыцца жыцця, а жыццё не заўсёды лагічнае; у ім ёсць шмат аспектаў, якія нельга абмежаваць выключна катэгорыяй мыслення. «Мы б хацелі дакладна ведаць, што рабіць, але нават калі даведваемся, не заўсёды робім гэта з паслядоўнасцю. Мы неаднойчы перажывалі апісанае апосталам Паўлам: „Дабро, якое хачу, не раблю, а зло, якога не хачу, раблю“ (Рым 7, 19)», — заўважыў Святы Айцец.
Ён нагадаў, што першым цудам Езуса, апісаным у Евангеллі паводле святога Марка, быў экзарцызм і вызваленне чалавека ад фальшывага вобразу Бога, навязанага д’яблам: вобразу Бога, які не хоча нашага шчасця (пар. Мк 1, 21–28). «Апанаваны нячыстым духам ведаў, што Езус — Бог, але не верыў у Яго. І, насамрэч, ён казаў: „Ты прыйшоў загубіць нас“», — зазначыў Папа.
«Многія людзі, таксама і хрысціяне, думаюць гэтак жа: яны лічаць, што Езус можа быць Божым Сынам, але сумняюцца ў тым, што Ён хоча нашага шчасця; больш за тое, некаторыя баяцца, што сур’ёзнае прыняцце Яго прапановы прывядзе да зруйнавання жыцця, разбурэння нашых жаданняў, нашых самых глыбокіх памкненняў. Такія думкі нярэдка закрадаюцца ў нас, быццам Бог патрабуе ад нас зашмат, быццам не любіць нас па-сапраўднаму», — канстатаваў Пантыфік, дадаўшы, што насамрэч знакам сапраўднай сустрэчы з Панам з’яўляецца радасць.
«Смутак ці страх — гэта знакі аддаленасці ад Яго», — сцвердзіў Святы Айцец, прывёўшы ў прыклад евангельскую гісторыю пра багатага юнака, якому празмерная прывязанасць да багаццяў перашкодзіла наследаваць Пана і ў выніку ён адышоў ад Езуса ў смутку. «Хто аддаляецца ад Пана, ніколі не бывае задаволеным, нават маючы ў распараджэнні вялікія даброты і магчымасці», — перасцярог Святы Айцец, нагадаўшы, што Бог ніколі не прымушае чалавека ісці за Ім, але пакідае свабоду выбару.
«Распазнаваць тое, што адбываецца ўнутры нас, нялёгка, бо ілюзіі ўводзяць у зман, але блізкасць з Богам можа мякка развязаць вузел сумневаў і страхаў, робячы нашае жыццё ўсё больш і больш адкрытым для Яго „лагоднага святла“, згодна з цудоўным выразам святога Джона Генры Ньюмана. Святыя ззяюць адлюстраваным святлом і простымі жэстамі сваёй штодзённасці паказваюць нам любячую прысутнасць Бога, які робіць немагчымае магчымым. Кажуць, што сужонкі, якія пражылі разам шмат часу ў любові, становяцца падобнымі адзін да аднаго. Нешта такое можна сказаць і пра душэўную малітву: паступова, але эфектыўна, яна робіць нас усё больш і больш здольнымі распазнаваць тое, што мае каштоўнасць, натуральна, як нешта, што вынікае з глыбіні нашай душы», — падкрэсліў пастыр паўсюднага Касцёла.
Ён заклікаў прасіць аб ласцы сяброўскіх, блізкіх адносін з Панам, аб магчымасці па-сяброўску, душэўна размаўляць з Ім.
«Гэта ласка, аб якой мы павінны прасіць адзін для аднаго: бачыць Езуса як нашага самага вялікага і вернага Сябра, які не патрабуе, а ў першую чаргу, які ніколі не пакідае, нават калі мы аддаляемся ад Яго», — запэўніў вернікаў Папа Францішак.