Раніцай 13 верасня Папа Францішак вылецеў у Казахстан. На сустрэчу з ім кіруюцца таксама прадстаўнікі Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
Як паведаміла Італьянская рэдакцыя парталу Vatican News, распачалося 38-е апостальскае падарожжа Папы Францішка, падчас якога ён тры дні правядзе ў сталіцы Казахстана Нур-Султане, дзе возьме ўдзел у Кангрэсе лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій.
Як зазначыў сам Святы Айцец падчас нядзельнай малітвы «Анёл Панскі», гэта стане «нагодай для дыялогу як паміж братамі, натхнёнымі супольным жаданнем міру, якога прагне наш свет».
Голуб, аліўкавая галінка, складзеныя рукі «пасланцоў міра і адзінства»: у гэтым лагатыпе і дэвізе прадстаўлена мэта 38-а апостальскага падарожжа Святога Айца Папы Францішка, якое рспачалося сёння раніцай і працягнецца да 15 верасня. У яго межах Пантыфік наведае Казахстан, постасавецкую краіну ў Цэнтральнай Азіі, размешчаную на старажытным «шаўковым шляху» паміж Кітаем і Расіяй, якая з’яўляецца скрыжаваннем культур, веравызнанняў і розных народаў.
Нагода для візіту — удзел Святога Айца ў Сёмым кангрэсе лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій дзеля станоўчага ўнёску веравызнанняў у справу згоды паміж народамі. Акрамя таго, Папа Францішак кіруецца ў Казахстан, каб сустрэцца з невялікай мясцовай каталіцкай супольнасцю, што складае менш за адзін працэнт 19-мільённага насельніцва Казахстана, духоўна яе падтрымаць і ўмацаваць.
Ад беларускага каталіцкага епіскапату ў Казахстан кіруюцца Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і Старшыня Сінадальнай камісіі пры ККББ біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.
Беларускія іерархі як афіцыйныя прадстаўнікі Мінска-Магілёўскай правінцыі Касцёла возьмуць удзел у шэрагу мерапрыемстваў, прадугледжаных праграмай Апостальскага візіту Святога Айца Папы Францішка ў Казахстан.