Пошук

08.09.2022 11:11   Vatican News
Фота: Antoine Mekary / ALETEIA

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 7 верасня прайшла на ватыканскай плошчы Святога Пятра, Папа Францішак працягнуў распачаты ў мінулую сераду цыкл катэхез аб распазнаванні.

Як перадае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец звярнуў увагу вернікаў на важны выпадак з жыцця святога Ігнацыя Лаёлы, які назваў «адным з самых павучальных прыкладаў».

Будучы заснавальнік Таварыства Езуса знаходзіўся на лячэнні, пакуль загоіцца яго параненая ў бітве нага, а каб пазбавіцца нуды, папрасіў што-небудзь пачытаць. Яму падабаліся рыцарскія раманы, але ў доме былі толькі жыццяпісы святых. Крыху з неахвотай Ігнацый пачаў чытаць іх і паступова стаў адкрываць для сябе іншы свет, які заваёўваў яго.

Ён захапіўся асобамі святога Францішка і святога Дамініка і адчуваў жаданне наследаваць іх. І хоць рыцарскі свет надалей прывабліваў яго, ён пачаў заўважаць адрозненні, нагадаў Папа.

У сваёй аўтабіяграфіі, напісанай ад трэцяй асобы, Ігнацый Лаёла адзначаў: «Думаючы пры рэчы гэтага свету, ён адчуваў вялікую асалоду, але калі з-за знясілення пакідаў гэтыя думкі, тады адчуваў сябе спустошаным і расчараваным. Калі ж думаў пра тое, каб пайсці ў Ерузалем басанож, не есці нічога, акрамя зёлак, і практыкаваць усе іншыя формы аскезы, якія, як бачыў, здзяйснялі святыя, тады суцяшаўся, не толькі затрымліваючыся на гэтых думках, але таксама пакідаючы іх, ён заставаўся задаволеным і поўным радасці».

«У гэтым вопыце можна адзначыць два важныя аспекты. Першы з іх — гэта час: думкі пра свет спачатку прывабныя, але з часам губляюць бляск, пакідаючы чалавека спустошаным, незадаволеным.

Божыя думкі, наадварот, спачатку выклікаюць супраціў, але калі іх прымаеш, яны прыносяць невядомы дагэтуль непрамінальны спакой», — заўважыў Папа Францішак.

Іншым аспектам з’яўляецца тое, куды прыводзяць думкі, бо адбываецца развіццё распазнавання: мы разумеем, што будзе добрым для нас не абстрактным, агульным чынам, але на канкрэтным шляху нашага жыцця. Папа нагадаў словы з «Духоўных практыкаванняў» святога Ігнацыя Лаёлы: «Тым, хто пераходзіць ад аднаго смяротнага граху да іншага, д’ябал звычайна прапануе ўяўныя задавальненні, прымушаючы ўяўляць пачуццёвыя асалоды і раскошу, каб мацней утрымаць і глыбей занурыць іх у заганах і грахах. У гэтых жа асобах добры дух дзейнічае адваротным чынам: абуджаючы ў іх згрызоты сумлення, дапамагаючы адчуць пярэчанне розуму», — дадаў Святы Айцец. Ён падкрэсліў, што духоўнае распазнаванне — гэта «не гаданне і не фаталізм, быццам кіданне лёсу на дзве магчымасці».

«Глыбокія пытанні ўзнікаюць, калі мы ўжо прайшлі пэўны адрэзак жыццёвага шляху, і акурат да яго мы павінны звярнуцца, каб зразумець, чаго менавіта шукаем. Святы Ігнацый, паранены, будучы ў бацькоўскім доме, зусім не думаў пра Бога ці пра тое, як змяніць сваё жыццё.

Ён атрымаў свой першы досвед пазнання Бога, слухаючы ўласнае сэрца, якое паказала яму цікавы паварот: тое, што на першы погляд прываблівала, пакінула яго расчараваным, а іншае, менш бліскучае, адарала спакоем, які не прамінаў», — нагадаў Пантыфік.

«Вось чаму Ігнацый раіць чытаць жыццяпісы святых: бо яны ў апавядальнай і зразумелай форме паказваюць стыль Бога ў жыцці людзей, якія не вельмі адрозніваюцца ад нас», — дадаў пастыр паўсюднага Касцёла.

Ён зазначыў, што ў гэтым знакамітым эпізодзе можна ўбачыць яшчэ адзін важны аспект распазнавання. «У жыццёвых падзеях прысутнічае ўяўная выпадковасць», як у выпадку з Ігнацыем, у якога пад рукой не аказалася любімых кніг, а толькі жыццяпісы святых. «Бог дзейнічае праз незапланаваныя падзеі, а таксама праз перашкоды», якія, паводле Святога Айца, могуць стаць «паваротным пунктам».

«Мы таксама бачылі гэта ва ўрыўку з Евангелля паводле святога Мацвея: чалавек, які араў поле, выпадкова натрапіў на закапаны скарб. Абсалютна нечаканая сітуацыя, але важна тое, што ён прызнаў гэта шчаслівым выпадкам у сваім жыцці і прыняў адпаведнае рашэнне: прадаў усё і купіў гэтае поле (пар. Мц 13, 44)», — сказаў Святы Айцец.

«Духоўная праніклівасць — гэта дапамога ў распазнаванні знакаў, праз якія Пан аб’яўляецца нам у нечаканых, нават непрыемных сітуацыях, якой стала для Ігнацыя параненая нага. З іх можа ўзнікнуць сустрэча, якая зменіць жыццё назаўсёды», — завяршыў сваю катэхезу Папа Францішак.

Абноўлена 08.09.2022 11:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа