Пошук

02.09.2022 14:52   Vatican News
Фота: CNS/VATICAN MEDIA

31 жніўня Папа Францішак распачаў новую серыю катэхез, прысвечаных распазнаванню, што звязана з прыняццем рашэнняў.

Як зазначае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, сюды ўключаны інтэлект, досвед і воля. З гэтым звязана таксама пачуццё радасці, а ў выпадку рэлігійных рашэнняў — гэта радасць чалавека, які знайшоў Бога.

Святы Айцец падкрэсліў, што на Апошнім судзе адбудзецца распазнаванне адносна нас, якое здзейніць Бог.

«Вялікія выбары могуць паходзіць з абставін, якія, на першы погляд, здаюцца другараднымі, але аказваюцца вырашальнымі», — звярнуў увагу Папа. Ён адзначыў, што працэс, аб якім ідзе гаворка, цяжкі, і Бог, які стварыў нас свабоднымі і хоча, каб мы карысталіся сваёй свабодай, запрашае нас ацэньваць і выбіраць: таму распазнаванне настолькі захапляльнае.

Пантыфік нагадаў пра вялікую адказнасць чалавека ў выбары сапраўднага дабра. Ён спаслаўся на біблейскае апісанне, «дзе Бог дае чалавеку дакладную інструкцыю: калі хочаш жыць, калі хочаш радавацца жыццю, памятай, што ты — стварэнне, што ты не крытэрый дабра і зла, і выбар, які робіш, будзе мець наступствы для цябе, для іншых і для свету (пар. Быц 2, 16–17); можаш зрабіць зямлю цудоўным садам, а можаш ператварыць яе ў пустыню смерці. Гэта фундаментальны падыход: невыпадкова гаворка ідзе пра першы дыялог паміж Богам і чалавекам», — заўважыў Пантыфік.

«Бог — гэта Айцец, і Ён не пакідае нас, заўсёды гатовы параіць, падбадзёрыць, прыняць. Аднак Ён ніколі не навязвае сваёй волі. Чаму? Бо хоча, каб Яго любілі, а не баяліся. А любоўю можна жыць толькі ў свабодзе.

Каб навучыцца жыць, трэба навучыцца любіць, а для гэтага патрэбна распазнаванне», — сказаў на заканчэнне сваёй катэхезы Святы Айцец. Ён заахвоціў сабраных у Зале Паўла VI звяртацца па дапамогу да Духа Святога, асабліва калі трэба зрабіць жыццёвы выбар.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця