17 жніўня падчас агульнай аўдыенцыі Святы Айцец казаў пра старасць як перыяд, які рыхтуе да пераходу з гэтага свету да вечнасці з Богам.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Папа засяродзіўся на ўрыўку з Кнігі Даніэля, дзе гаворка ідзе пра таямнічую візію Бога, якая была выкарыстана ў пачатку кнігі Апакаліпсіса і аднесена да Уваскрослага Езуса: «Калі я ўбачыў Яго, упаў да ног Ягоных, нібы мёртвы. Ён паклаў на мяне правіцу сваю, кажучы: „Не бойся! Я — Першы і Апошні, і жывы; і быў мёртвы, і вось жывы на векі вечныя; і маю ключы смерці і адхлані“» (Ап 1, 17–18).
Папа Францішак таксама нагадаў сцэну аб’яўлення Езуса ў святыні і постаць старога Сімяона, які ўзяў Збаўцу на рукі. Ён заўважыў, што жэст Сімяона з’яўляецца незвычайна прыгожым вобразам адмысловага паклікання пажылога ўзросту: «прадстаўляць дзяцей, якія прыходзяць у свет як бесперапынны дар ад Бога, ведаючы, што адзін з іх — гэта Сын, народжаны ва ўнутраным жыцці самога Бога, перад усімі вякамі», — звярнуў увагу Папа.
Святы Айцец падкрэсліў, што старасць павінна весці дзяцей да пазнання таямніцы прызначэння да жыцця, якое ніхто не можа знішчыць.
«Старасць павінна сведчыць — для мяне гэта стрыжань, самае галоўнае ў старасці — старасць павінна сведчыць дзецям аб іх благаслаўленні: яно заключаецца ў іх пасвячэнні — прыгожым і складаным — у таямніцу прызначэння жыцця, якое ніхто не можа знішчыць. Нават смерць. Сведчыць веру перад дзіцём значыць сеяць гэтае жыццё; таксама сведчанне чалавечнасці і веры з’яўляецца пакліканнем пажылых людзей. <…> Мы, пажылое пакаленне, пакліканы перадаць эстафету, каб яны яе неслі наперад», — зазначыў Пантыфік. Ён дадаў, што сведчанне пажылых — гэта надзейная апора для дзяцей. У ім спалучаюцца перыяды жыцця і меры часу: мінулае, сучаснасць і будучыня.
«Гэта балюча — і шкодна — успрымаць перыяды жыцця як асобныя, канкуруючыя паміж сабой светы, кожны з якіх спрабуе жыць за кошт іншага. Чалавецтва старажытнае, вельмі старажытнае, калі глядзець на гадзіннік. Але Сын Божы, народжаны жанчынай, ёсць Першы і Апошні ва ўсе часы. Гэта азначае, што ніхто не знаходзіцца па-за межамі Яго вечнага нараджэння, па-за межамі Яго цудоўнай сілы, па-за межамі Яго любячай блізкасці», — нагадаў Пантыфік.
«Ці можам мы <…> вярнуць дзецям <…> далікатнае сведчанне старэйшых, якія валодаюць мудрасцю смерці? Ці зможа гэта чалавецтва, якое пры ўсім сваім прагрэсе здаецца падлеткам, які нарадзіўся ўчора, вярнуць ласку старасці, якая ўстойліва трымае гарызонт нашага прызначэння?» — задаўся пытаннямі пастыр паўсюднага Касцёла.
Святы Айцец выказаў перакананне, што саюз старых і дзяцей выратуе чалавечую сям’ю, указваючы на перспектыву нашага лёсу.
«Смерць, безумоўна, з’яўляецца цяжкай часткай жыцця, але таксама і пераходам, які замыкае час нявызначанасці і выкідвае гадзіннік. Таму што прыгажосць жыцця, якое ўжо не мае тэрміну прыдатнасці, пачынаецца менавіта тады», — заўважыў на заканчэнне сваёй катэхезы Папа Францішак.