Пошук

10.08.2022 14:57   Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: ANSA

Да 2025 года комплекс базылікі святога Пятра ў Ватыкане павінен стаць месцам з нулявым узроўнем выкідаў.

Як паведаміла 9 жніўня Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, праект «экалагічнай устойлівасці» для самай вялікай святыні Каталіцкага Касцёла будзе падрыхтаваны навуковым камітэтам пад старшынствам Вальтэра Ганапіні, былога кіраўніка італьянскага аддзялення Greenpeace і ганаровага члена навуковага камітэта Еўрапейскага агенцтва па навакольным асяроддзі.

Ганапіні будзе выконваць свае грамадскія функцыі на працягу двух гадоў. Раней, у 2017 годзе, ён рыхтаваў такі праект для кляштара святога Францішка ў Асізі. Перад Святым 2025 годам камітэт пад яго кіраўніцтвам падрыхтуе меры, каб базыліка і прылеглыя да яе будынкі, а таксама мільённы паток наведвальнікаў ніякім чынам не забруджвалі навакольнае асяроддзе.

Гэта не першая ініцыятыва ў межах праграмы «экалагічнай устойлівасці», якая ажыццяўляецца ў Ватыкане.

Папская дзяржава імкнецца скараціць выкіды вуглякіслага газу да нуля да 2050 года, актывізуючы намаганні па ахове навакольнага асяроддзя, якія ўжо робяцца на працягу некалькіх гадоў.

Гаворка ідзе, напрыклад, пра рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, энергаэфектыўнасць, эканоміку завершанага цыкла.

На многіх ватыканскіх будынках былі ўсталяваны сонечныя панэлі. Атрыманая энергія ідзе на асвятленне і кандыцыянаванне паветра. У многіх памяшканнях змешчаны датчыкі, якія аўтаматычна рэгулююць інтэнсіўнасць асвятлення ў залежнасці ад узроўню сонечнага святла, а таксама выключаюць святло пасля завяршэння працоўнага дня. Тэхналагічна састарэлае абсталяванне замяняецца на больш сучаснае і экалагічнае.

Напрыклад, новая сістэма асвятлення ў Сікстынскай капэле дазволіла зменшыць колькасць выкарыстанай электраэнергіі на 60%, а ў ватыканскай базыліцы і на каланадзе плошчы святога Пятра — на 70–80%.

У Ватыканскіх садах была ўсталявана новая арашальная сістэма, якая дазваляе ашчадна выкарыстоўваць водныя рэсурсы. Вада эканоміцца таксама ў сталоўцы для ватыканскіх супрацоўнікаў, дзе кожны сам бярэ яе столькі, колькі яму трэба, каб пазбегнуць марнавання.

З 2014 года ў Ватыкане рэалізуецца праграма абмежавання транспартнага руху.

Пакідаць аўтамабілі на ўнутранай паркоўцы могуць толькі тыя супрацоўнікі, якія пражываюць на адлегласці больш чым двух кіламетраў ад Ватыкана. З 2018 года ўсталёўваюцца зарадныя станцыі для электракараў, а ватыканскі аўтапарк рэгулярна папаўняецца гібрыднымі і электрычнымі аўтамабілямі. З 2019 года на ватыканскіх запраўках рэалізуецца больш экалагічнае дызельнае паліва стандарту Diesel+, якое дазваляе зменшыць узровень расходу на 4%, а шкодныя выкіды — на 40%.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.