Пошук

24.06.2022 13:16   Тэкст: Лілія Кобзік / Фота: А. Пётр Фраштэнга OCD / Catholic.by

23 чэрвеня ў Рыме адбылася канфэрэнцыя і панэльныя паседжанні ў межах Дзясятай Сусветнай сустрэчы сем’яў.

Нагадаем, что галоўная тэма сёлетняй сустэчы: «Любоў у сям’і: пакліканне і шлях да святасці». У сустрэчы бярэ ўдзел дэлегацыя з Беларусі, у склад якой уваходзяць айцец Пётр Фраштэнга OCD, сакратар Рады па справах сям’і пры ККББ, а таксама сужэнцы Ян і Лілія Кобзікі. Узначальвае беларускую дэлегацыю біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Як зазначыў у прадмове да канферэнцыі прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, жыцця і сям’і кардынал Кэвін Фарэл:

«Гэтыя тры дні (менавіта столькі дэлегаты будуць абмяркоўваць розныя аспекты сямейнага і духоўнага жыцця) — гэта важны досвед і моцная падтрымка для тых, хто імкнецца да святасці ў сваім сямейным жыцці. Тут, у Рыме, сабраліся сем’і, святары і біскупы з усіх кантэнентаў; разам мы думаем пра тыя сем’і, якія трапілі ў цяжкія сітуацыі, разам мы молімся аб іх. Усім трэба адкрыць сваё сэрца для пераменаў.

Касцёл патрэбны сем’ям, сем’і патрэбныя Касцёлу, разам святары і вернікі могуць дасягнуць жаданых вынікаў на шляху да святасці ў сямейным жыцці», — заўважыў кардынал прэфект.

Дзень распачаўся канфэрэнцыяй на тэму «Унутраны Касцёл і сінадальны», падчас якой сем’і дзяліліся уласным досведам сведчання свайго духоўнага жыцця праз сям’ю. Якім чынам увогуле евангелізуюцца сем’і? У сучасным свеце гэта не толькі літургія, але і штодзённыя размовы з дзецьмі аб духоўным жыцці нават у форме гульні. Сумесныя малітвы, абмеркаванне праблем праз прызму духоўнасці — у кожнай сям’і могуць быць нават унікальныя мульцікультурныя мадэлі евагнелізацыі. Але ўсё гэта спрыяе духоўнаму ўдасканаленню, штодзённым крокам да святасці і сапраўднай любові.

Таксама панэльныя развагі закранулі такія тэмы, як «Сужэнцы і пастыры: разам, каб будаваць Касцёл» і «Два ўзаемадапаўняльныя пакліканні». Спікеры з Латвіі і Бурундзіі казалі аб тым, што жыццё ў каханні — гэта сапраўды пакліканне, але сужэнскае каханне патрабуе падтрымкі, а менавіта падтрымкі пастыраў. Святары амаль штодня чуюць розныя сямейныя гісторыі, іх досвед — вельмі важны і каштоўны для сужэнцаў. Пастыры праз казанні, споведзь, евангелізацыю нясуць праўду ў рэальная жыццё сям’і, якая адкрывае сваё сэрца для святасці і дасканаласці. Нельга забывацца, што сужэнцы па-сапраўднаму шчаслівыя, калі звязаныя не толькі штодзённымі шчаслівымі клопатамі і фізічнай блізкасцю, але маюць і духоўную сувязь.

Менавіта Касцёл замацоўвае гэтыя сувязі, дапамагае адкрыць сэрца для сапраўдных пачуццяў, якія з гадамі мацнеюць.

Адзначым, што спікерамі панэльных дакладаў у Рыме гэтым разам сталі сужэнцы розных узростаў (і пары, якія пражылі разам 50 гадоў, і зусім маладыя людзі) і розных прафесій, але ўсіх аб’яднала імкненне падсумаваць сваі думкі і досвед, падзяліцца імі з дэлегатамі і ўсімі тымі, хто захоча даведацца, аб чым ішла гаворка падчас дыскусій і дакладаў.

Даклад на тэму «Супольнасці сем’яў» быў прысвечаны тэме першых і далейшых крокаў да аб’яднання вернікаў у касцёльнай супольнасці. Як дапамагчы сужэнцам, якія імкнуцца да шчыльнай камунікацыі? Як кожны сталы парафіянін можа дапамагчы новым сем’ям, якія толькі уваходзяць у парафіі? Гэтымі пытаннямі сёння заклап очаны не толькі пастыры, але і самі парафіяне, бо, як казалі спікеры папярэдніх тэм, усе разам будуюць Касцёл.

Асобная тэма дакладаў таксама была прысвечана такім важным аспектам, як «Старэйшыя і малодшыя ў агульнай сінадальнай вандроўцы». Спікеры шмат цытавалі Папу Францішка, які сказаў, што «Старэйшае пакаленне — гэта таксама будучыня». У сённяшніх маладых людзей шмат розных практычных навыкаў, але яшчэ няма таго, што мы называем «адчуванне жыцця», няма практычнага досведу. Таму, як гучала падчас дакладаў: «Размаўляйце са сваімі бабулямі і дзядулямі. У іх ёсць памяць і шмат інфармацыі, якія дапамогуць табе ў тваім жыццёвым падарожжы! Будзьце разам са старэйшымі, гатуйце разам вячэру, пераймайце іх досвед, вучыцеся у іх».

Для зусім маладых сем’яў, якія толькі распачалі сваё сужэнскае падарожжа, вельмі важным з’яўляецца суправаджэнне, малітва, пастырская апека.

Зазначым, што, калі ў першы дзень Сустрэчы падчас фестывалю сем’яў, які адбыўся 22 чэрвеня ў прысутнасці Папы Францішка, розныя сем’і дзяліліся досведамі страт, выпрабаванняў і абнаўлення ў духоўным жыцці сям’і, то падчас панэльных дакладаў і канферэнцыі спікеры падсумоўвалі досвед розных супольнасцяў і сваіх асабістых поглядаў на тое, як можа і павінна развівацца духоўнае жыццё сям’і ў сучасным свеце.

Таксама 23 чэрвеня прагучалі даклады: «Сямейнае каханне падчас цяжкасцяў», «Суправаджэнне бацькоўства». Спікерамі дакладаў былі сем’і з Італіі, Злучаных Штатаў, Іспаніі, Бразіліі, Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, Канады.

24 чэрвеня, у пятніцу, дэлегатаў таксама чакае шэраг дакладаў на важныя для духоўнага сямейнага жыцця тэмы.

Абноўлена 24.06.2022 20:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця