Пошук

05.05.2022 12:10   Паводле: Vatican News
CNS Photo / Paul Haring

Пра важнасць паслядоўнага сведчання веры, якое даюць пажылыя людзі, нагадаў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая 4 мая прайшла на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец прысвяціў катэхезу прыкладу біблійнага старца Элеязара, які «дае нам сведчанне асаблівых адносін, што існуюць паміж старэчай вернасцю і шанаваннем веры». «Я хацеў бы паразмаўляць менавіта пра шанаванне веры, не толькі пра паслядоўнасць, абвяшчэнне і супраціў ёй.

Шанаванне веры перыядычна падвяргаецца ціску, нават жорсткаму, з боку пануючай культуры, якая намагаецца прынізіць яе, разглядаючы як археалагічную знаходку, старажытны забабон, анахранічную ўпартасць», — сказаў Пантыфік.

Ён нагадаў біблійную гісторыю пра тое, як юдэяў пад страхам смерці прымушалі выракацца веры і спажываць мяса, прынесенае ў ахвяру ідалам. Элеязару параілі толькі зрабіць выгляд, што ён есць гэта мяса, каб такім «малым, нязначным жэстам», уратаваць сабе жыццё. Але ён адмовіўся, падкрэсліўшы важнасць сведчання веры, якое перадаецца наступным пакаленням.

«Старац, які паслядоўна жыў сваёй верай на працягу ўсяго жыцця, а цяпер зрабіў бы выгляд, што выракся яе, асудзіў бы новае пакаленне на думку, што ўся яго вера была толькі фікцыяй, вонкавай абгорткай, ад якой можна адмовіцца, мяркуючы, што веру магчыма захаваць і ўнутры. Элеязар кажа: гэта не так. Такія паводзіны не робяць гонару веры, нават перад Богам. І наступства гэтай знешняй баналізацыі будзе разбуральным для духоўнага свету моладзі», — папярэдзіў Святы Айцец.

Ён заўважыў, што ў гэтым біблійным урыўку «менавіта старасць паказваецца як вырашальная і незаменная прастора для сведчання».

«Стары, які б з-за сваёй слабасці пагадзіўся, што практыкаванне веры з’яўляецца чымсьці нязначным, прымусіў бы маладых людзей лічыць, быццам вера не мае рэальнай сувязі з жыццём. Вера — ад самага пачатку — уяўлялася б імі як збор мадэляў паводзінаў, якія, пры неабходнасці, можна сімуляваць ці хаваць, бо ніводная з іх не з’яўляецца важнай для жыцця», — дадаў пастыр паўсюднага Касцёла.

Ён нагадаў пра старажытную гнастычную ерась, згодна з якой вера датычыцца духоўнасці, а не практыкі; сілы розуму, а не формы жыцця. «Паводле гэтай ерасі, вернасць і шанаванне веры не маюць нічога супольнага з жыццёвымі паводзінамі, з грамадскімі ўстановамі і сімвалічнымі жэстамі.

Спакуса такой перспектывы дагэтуль моцная, бо яна па-свойму тлумачыць бясспрэчную праўду: веру ніколі нельга зводзіць да збору правіл харчавання ці сацыяльных звычаяў», — сказаў Святы Айцец.

Ён заўважыў, што ў сучасным грамадстве «практыкаванне веры прадстаўляецца адмоўным чынам, часам у форме культурнай іроніі, а часам са схаванай маргіналізацыяй». «Практыкаванне веры разглядаецца як бескарысны і нават шкодны вонкавы элемент, як перажытак старажытнасці, як замаскіраваны забабон: іншымі словамі, як штосьці для старых. Пры гэтым ціск, які гэтая неразборлівая крытыка аказвае на маладое пакаленне, вельмі моцны», — сказаў Пантыфік, заклікаючы пажылых людзей вярнуць пашану да веры.

«Вера заслугоўвае шанавання і павагі да самага канца: яна змяніла наша жыццё, ачысціла розум, навучыла ўшаноўваць Бога і любіць бліжняга. Вера — гэта благаслаўленне для ўсіх; уся вера, а не яе частка. Давайце не будзем мяняць веру на некалькі спакойных дзён, наследуючы прыклад Элеязара, які быў паслядоўным да канца і пайшоў на мучаніцтва.

Давайце менавіта ў старасці з усёй пакорай і рашучасцю пакажам, што вера — гэта не штосьці „для старых“, а наадварот, што яна — для жыцця. А Святы Дух, які абнаўляе ўсё, нам ахвотна дапаможа», — запэўніў Пантыфік.

На заканчэнне катэхезы Папа Францішак нагадаў, што маладыя людзі ўглядаюцца ў прыклад старэйшых, якія сваёй паслядоўнасцю могуць адкрыць ім шлях прыгожага жыцця, а крывадушнасцю зрабіць вялікую шкоду.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця