На працягу мая — месяца, які ў Каталіцкім Касцёле асаблівым чынам прысвечаны Панне Марыі — у ватыканскай базыліцы святога Пятра будуць праходзіцца адмысловыя малітоўныя сустрэчы.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, кожную сераду ў святыні будзе адбывацца «перэгрынацыйная малітва» з ушанаваннем галоўных Марыйных абразоў і фігур. Яна будзе распачынацца ў 16.00 у атрыюме базылікі і завяршацца святой Імшой а 17-й гадзіне.
Яшчэ адна Марыйная ініцыятыва будзе адбывацца кожную суботу мая з 21-й да 22-й гадзіны на плошчы святога Пятра.
Тут будзе праводзіцца малітва Ружанца з працэсіяй са свечкамі і копіяй абраза Маці Божай Mater Ecclesiæ.
Гэтая старажытная ікона размяшчаецца на адной з калон з першай ватыканскай базылікі святога Пятра, пабудаванай яшчэ ў эпоху імператара Канстанціна. Яна была захавана ў адным з бакавых алтароў святыні, а з часу пантыфікату Паўла VI ушаноўваецца пад тытулам Mater Ecclesiæ — Маці Касцёла.
Мазаічная рэпрадукцыя гэтага абраза ёсць таксама на плошчы святога Пятра. Яна была змешчана на сцяне Апостальскага палацу ў памяць пра цудоўнае ўратаванне святога Яна Паўла ІІ падчас замаху ў 1981 годзе і ў якасці падзякі Багародзіцы. Благаслаўляючы мазаіку Святы Айцец пажадаў, каб «усе, хто прыйдзе на гэту плошчу святога Пятра, уздымалі да яе позірк, узносячы з пачуццём сыноўскага даверу вітанне і малітву».
Акрамя таго, як паведамлялася, падчас малітвы Regina cæli у першую нядзелю мая Папа Францішак заахвоціў вернікаў штодзнна маліцца ружанец у інтэнцыі міру.