
Папа Францішак падтрымаў заклік Генеральнага сакратара ААН да велікоднага перамір’я ва Украіне.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Прэс-служба Святога Пасаду апублікавала 21 красавіка адпаведнае паведамленне.
«У Пальмовую нядзелю Папа Францішак папрасіў аб велікодным перамір’і з мэтай дасягнення міру.
Святы Пасад і Папа далучаюцца да закліку да перамір’я з нагоды святкаванне Вялікадня па юліянскім календары 24 красавіка, які Антонію Гутэрыш, Генеральны сакратар ААН, па ўзгадненні з арцыбіскупам Святаславам Шаўчуком, кіраўніком Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, скіраваў 19 красавіка 2022 года», — гаворыцца ў афіцыйным тэксце, на які спасылаецца Беларуская рэдакцыя Vatican News.
«Усведамляючы, што для Бога няма нічога немагчымага», Святы Айцец просіць аб эвакуацыі насельніцтва, «якое апынулася ў пастцы ў зонах ваенных дзеянняў», і аднаўленні міру. Папа Францішак звяртаецца таксама да тых, хто нясе палітычную адказнасць, і просіць іх прыслухацца да заклікаў людзей да міру.