Святы Айцец Папа Францішак скіраваў усім дыяцэзіяльным біскупам ліст з запрашэннем далучыцца да Чыну прысвячэння Расіі і Украіны Беззаганнаму Сэрцу Марыі, які ён мае намер здзейсніць 25 сакавіка, ва ўрачыстасць Звеставання Пана.
Разам з тым прэс-служба Святога Пасаду апублікавала літургічны тэкст адмысловай малітвы, якая можа быць прамоўлена ў гэты дзень у братэрскай еднасці са Святым Айцом і паўсюдным Касцёлам ва ўсіх катэдрах, Марыйных санктуарыях і парафіяльных супольнасцях.
Ніжэй падаем тэкст ліста Папы Францішка біскупам.
Дарагі браце,
Мінуў ужо амаль месяц з пачатку вайны ва Украіне, якая нясе пакуты, з кожным днём усё больш жахлівыя, яе мучаніцкаму насельніцтву, ставячы таксама пад пагрозу мір ва ўсім свеце. Касцёл у гэты змрочны час асабліва пакліканы хадайнічаць у малітве перад Валадаром супакою і наблізіцца да тых, хто на ўласнай скуры расплочваецца за наступствы канфлікту. У сувязі з гэтым я ўдзячны ўсім, хто з вялікай шчодрасцю адгукаецца на мае заклікі да малітвы, посту і спраў міласэрнасці.
Цяпер, атрымліваючы таксама шматлікія просьбы ад Божага народа, я жадаю асаблівым чынам даручыць Маці Божай народы, уцягнутыя ў канфлікт.
Як я сказаў учора пасля малітвы «Анёл Панскі», 25 сакавіка, ва ўрачыстасць Звеставання Пана, я маю намер здзейсніць урачысты Чын прысвячэння чалавецтва, а асабліва Расіі і Украіны, Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Паколькі лепш прасіць аб міры падрыхтаванымі і адноўленымі Божым прабачэннем, гэта адбудзецца ў межах Пакаяннага набажэнства, якое распачнецца ў базыліцы святога Пятра ў 17.00 па рымскім часе. Чын прысвячэння будзе здзейснены каля 18.30.
Ён павінен стаць чынам паўсюднага Касцёла, які ў гэты драматычны момант узносіць да Бога праз Яго і нашую Маці крык болю тых, хто пакутуе і моліць аб спыненні насілля, а таксама давярае будучыню чалавецтва Каралеве супакою. Таму я запрашаю Вас далучыцца да гэтага Чыну, сабраўшы ў пятніцу, 25 сакавіка, святароў, законнікаў і іншых вернікаў на супольную малітву ў святынях, каб такім чынам святы Божы народ аднадушна і згодна узнёс просьбу да сваёй Маці.
У сувязі з гэтым перасылаю Вам тэкст адмысловай малітвы прысвячэння, каб на працягу гэтага дня мець магчымасць яе прамаўляць у братэрскай еднасці.
Дзякую Вам за адкрытасць і супрацоўніцтва. Ад усяго сэрца благаслаўляю Вас і вернікаў, даручаных Вашай пастырскай апецы. Няхай Езус вас абараняе, а Найсвяцейшая Панна вас ахоўвае. Маліцеся за мяне.
З братнім прывітаннем,
Францішак
У святога Яна на Латэране, 21 сакавіка 2022 года