Пошук

18.02.2022 06:46   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: AFP

17 лютага ў ватыканскай Зале Паўла VI Папа Фарнцішак звярнуўся да ўдзельнікаў трохдзённага міжнароднага сімпозіюма на тэму «На карысць фундаментальнай тэалогіі святарства», арганізаванага ў Рыме Кангрэгацыяй па справах біскупаў.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у канферэнцыі бяруць удзел каля 500 біскупаў, святароў, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў.

Святы Айцец заўважыў, што на працягу 50-і гадоў святарства, назіраючы сведчанні пастыраў, звяртаў увагу на тое, «якія рысы адрознівалі іх і давалі асаблівую сілу, радасць і надзею ў іх душпастырскай місіі». Ён сустракаў прэзбітэраў, у якіх бачыў тое, «што надае форму абліччу Добрага Пастыра», але таксама суправаджаў святароў, які згубілі полымя першай любові і «служэнне якіх стала бясплодным, пазначаным паўтарэннем таго самага і адсутнасцю сэнсу». Сваім досведам Пантыфік падзяліўся з прысутнымі.

Папа Францішак заўважыў, што перад абліччам выклікаў, звязаных з эпохай перамен, некаторыя спрабуюць уцячы ў мінулае, шукаючы «кадыфікаваныя формы», якія «гарантуюць» пэўнага роду абарону ад рызык. Іншыя паддаюцца «неўтаймаванаму аптымізму» ў духу прынцыпу «ўсё будзе добра» і аўтаматычна «асвячаюць» усё новае, пагарджаючы мудрасцю, якая назапашвалася гадамі. Гэта, на думку Папы, дзе формы ўцёкаў ад рэчаіснасці.

«Мне, аднак, падабаецца падыход, які нараджаецца з даверлівага прыняцця на сябе цяжару рэальнасці, угрунтаванага на мудрасці жывой Традыцыі Касцёла, што дазваляе плыць на глыбіню без страху. Я адчуваю, што ў гэты гістарычны момант Езус кліча нас яшчэ раз „адплысці на глыбіню“, з даверам да таго, што Ён — Пан гісторыі, і, што пад Яго кіраўніцтвам мы здолеем распазнаць гарызонт, да якога трэба імкнуцца», — сказаў Святы Айцец.

Папа зазначыў, што крызіс пакліканняў вельмі часта выклікаецца «адсутнасцю ў супольнасці „заразлівага“ апостальскага запалу», а пакліканні нараджаюцца там, дзе «ёсць жаданне несці Хрыста іншым». «Нават у парафіях, дзе святары не вельмі руплівыя і радасныя, бывае, што братэрскае і палымянае жыццё супольнасці выклікае жаданне цалкам прысвяціць сябе Богу і евангелізацыі, асабліва калі гэтая жывая супольнасць няспынна моліцца аб пакліканнях і мае адвагу прапаноўваць сваёй моладзі шлях асаблівага прысвячэння», — сказаў Пантыфік.

Святы Айцец зазначыў, што заўсёды існуе спакуса жыць «святарствам без хросту», гэта значыць, не памятаючы пра тое, што нашае першае пакліканне — гэта пакліканне да святасці. «Быць святымі — значыць станавіцца падобнымі да Езуса, імкнуцца любіць як Ён», — сказаў Папа, нагадаўшы пра важнасць усведамлення святарамі сваёй патрэбы ў тым, каб быць пастаянна евангелізаванымі.

Пантыфік падкрэсліў, што святарства патрабуе моцных фундаментаў. У гэтым кантэксце ён прапанаваў паразважаць пра чатыры віды блізкасці, якія могуць быць карыснымі для пастыраў.

Першая — гэта блізкасць з Богам, ад якога святар пакліканы чэрпаць сілы, неабходныя для выканання свайго служэння.

Кантакт з Езусам і Яго словам «дазваляе параўноваць нашае жыццё з Яго жыццём», не паддавацца абурэнню перад абліччам спакусаў, якія сустракаем, годна зносіць хвіліны няўдзячнасці, адчужэння, сумневаў і самотнасці.

Пантыфік дадаў, што крыніцай мноства крызісаў святарства з’яўляецца «недастатковае малітоўнае жыццё», адсутнасць блізкасці з Панам, «звядзенне духоўнага жыцця да звычайных рэлігійных практык». Ён звярнуў увагу на важнасць канкрэтнай блізкасці з Богамі праз малітву, слуханне Божага слова, эўхарыстычную цэлебрацыю, маўчанне адарацыі, адданне сябе пад апеку Марыі, мудрага суправаджэння духоўнага кіравання, споведзі. Без усяго гэтага святар становіцца ўсяго «толькі стомленым работнікам, які не карыстаецца выгодамі сяброў Пана».

Пастыр паўсюднага Касцёла заклікаў пастыраў мець «шырокае сэрца, у якім зможа змясціцца боль людзей, давераных яму», а таксама «не баяцца прыпадабняцца да Укрыжаванага Езуса», чаго патрабуе ад іх абрад прэзбітэрскага пасвячэння.

Другой важнай формай блізкасці для святара павінна быць блізкасць з біскупам, звязаная з паслухмянасцю.

Біскуп, па словах Папы, калі прыслухоўваецца да сітуацыі сваіх святароў і Божага народу, дапамагае распазнаць волю Бога. Ён заклікаў святароў маліцца за біскупаў і выказваць ім свае меркаванні з павагай і шчырасцю. «Гэта таксама патрабуе ад біскупаў пакоры, здольнасці слухаць, быць крытычнымі да сябе, прымаць дапамогу», — дадаў Пантыфік.

Трэці аспект, на які ўказаў Папа, гэта блізкасць паміж святарамі, якая павінна быць «свядомым выбарам», каб імкнуцца да святасці разам з іншымі, а не ў адзіночку. Пантыфік заклікаў святароў не апранаць на сябе маску, якая стварае вобраз пераможцы, не ганарыцца і не хваліцца, не займаць агрэсіўнай пазіцыі і паважаць навакольных.

«Мы ўсе ведаем, якім цяжкім можа быць жыццё ў супольнасці, дзяленне паўсядзённага жыцця з тымі, каго б мы хацелі лічыць братамі. Мне падабаецца думаць пра братэрскую любоў як пра месца, дзе мы гартуем дух, дзе кожны дзень сутыкаемся з самімі сабой і маем „тэрмометр“ нашага духоўнага жыцця», — сказаў Папа, дадаўшы, што «там, дзе ёсць святарскае братэрства і існуюць повязі сапраўднага сяброўствам», можна таксама «з большым спакоем жыць выбарам на карысць цэлібату».

«Цэлібат — гэта дар, які лацінскі Касцёл вельмі шануе, але каб быць шляхам да святасці, гэты дар патрабуе здаровых адносін; адносін сапраўднай павагі і сапраўднага дабра, якія караняцца ў Хрысце. Без сяброў і малітвы цэлібат можа стаць непасільным цяжарам і антысведчаннем самой прыгажосці святарства», — сказаў Святы Айцец.

Чацвёрты від блізкасць, які дапамагае святару — гэта блізкасць да Божага народа. Яна з’яўляецца «не абавязкам, а ласкай» і дапамагае святару разумець сваю тоеснасць. Папа заклікаў пастыраў не паддавацца клерыкалізму, быць не суддзямі людзей, а Добрымі Самаранамі, не «чыноўнікамі», а «сябрамі святых», быць адважнымі людзьмі, здольнымі працягнуць руку і абвяшчаць свету сілу Уваскрасення.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.