Пошук

28.01.2022 08:21   Паводле: Vatican News
Фота: vatican.va

27 студзеня ў Ватыкане Папа Францішак сустрэўся з кіраўніцтвам, адвакатамі і супрацоўнікамі Трыбунала Рымскай Роты — вышэйшай судовай інстанцыі Каталіцкага Касцёла.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, падчас аўдыенцыі Святы Айцец прапанаваў паразважаць пра судовыя працэсы, якія датычацца прызнання несапраўднасці сужэнства, у святле сінадальнага шляху, якім ідзе Касцёл.

Папа падкрэсліў, што неабходна пераадолець памылковае разуменне сужэнскіх працэсаў як пошуку суб’ектыўных інтарэсаў, нанава адкрываючы, што ўсе іх удзельнікі маюць супольную мэту: выяўленне праўды пра канкрэтны саюз паміж мужчынам і жанчынай такім чынам, каб прйсці да высновы адносна таго, ці існуе паміж імі сапраўднае сужэнства.

Папа Францішак спаслаўся на словы Пія ХІІ, які сцвярджаў, што ўсведамленне пошуку праўды як адзінай мэты такіх працэсаў павінна надаваць асаблівую форму дзейнасці і супрацоўніцтву паміж іх удзельнікамі. Праўда, калі становіцца любімай, вызваляе, — дадаў Пантыфік.

Ён падкрэсліў, што прызнанне несапраўднасці сужэнства не павінна быць адзінай мэтай, якой трэба дасягнуць перад абліччам сужэнскага крызісу, і не павінна лічыцца правам, важнейшым за факты. Разглядаючы справы, трэба дапамагчы вернікам паразважаць над прычынамі, якія прымушаюць іх патрабаваць прызнання несапраўднасці сужэнства і дапамагаць ім прыняць канчатковае судовае рашэнне, нават калі яно не адпавядае іх чаканням, — сказаў пастыр паўсюднага Касцёла.

Папа заўважыў, што толькі такім чынам працэсы аб прызнанні несапраўднасці сужэнства могуць стаць выразам плённага душпастырскага суправаджэння вернікаў у іх сужэнскім крызісе, якое азначае слуханне Святога Духа, што прамаўляе ў канкрэтнай гісторыі людзей. Пантыфік падкрэсліў, што пошук праўды ўсімі бакамі павінен характарызаваць кожны этап судовага працэсу, таму важна прадухіляць перакручванне і маніпуляцыю фактамі з мэтай дасягнення запланаванага выніку.

Святы Айцец падкрэсліў, што «сінадальнасць у судовых працэсах патрабуе таксама пастаяннага практыкавання ў слуханні».

Як і ў іншых сферах душпастырства, культура слухання можа стаць перадумовай культуры сустрэчы, дадаў ён, нагадаўшы пра небяспеку «стандартных» адказаў на канкрэтныя праблемы паасобных людзей. Касцёльныя суддзі пакліканы быць прафесіяналамі, але таксама ўмець слухаць і мець сэрца пастыраў, памятаючы, што законы і суджэнні павінны заўсёды служыць праўдзе, справядлівасці і евангельскай цноте любові.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа