Пошук

04.01.2022 17:04   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: Getty Images / Vatican Pool

«„Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны“ (Лк 6, 36). Трываць на шляху міласэрнасці побач з тымі, хто пакутуе». Так гучыць тэма паслання Папы Францішка на ХХХ Сусветны дзень хворага, які будзе традыцыйна адзначацца 11 лютага, ва ўспамін Маці Божай Люрдскай.

Кароткі агляд папскага паслання, якое было абнародавана 4 студзеня, прапануе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.

За трыццаць гадоў з часу ўстанаўлення Сусветнага дня хворага было зроблена шмат крокаў наперад «для скіравання ўвагі Божага народа, каталіцкіх медыцынскіх структур і грамадзянскай супольнасці да хворых і тых, хто пра іх клапоціцца». Тым не менш, трэба «яшчэ прайсці вялікі шлях, каб гарантаваць усім хворым, таксама ў месцах і сітуацыях найбольшай беднасці і маргіналізацыі, медыцынскую дапамогу, у якой яны маюць патрэбу, а таксама душпастырскае суправаджэнне, каб яны маглі перажываць час хваробы ў еднасці з укрыжаваным і ўваскрослым Хрыстом», — гаворыцца ў пасланні Папы Францішка.

Святы Айцец зазначыў, што па прычыне пандэміі кульмінацыйная цэлебрацыя ХХХ Сусветнага дня хворага не зможа адбыцца ў перуанскім горадзе Арэкіпа, як планавалася раней, але пройдзе ў ватыканскай базыліцы святога Пятра. Папа пажадаў, каб гэты Дзень дапамог узрастаць у блізкасці і служэнні хворым людзям і іх сем’ям.

Пантыфік заўважыў, што тэма сёлетняга Сусветнага дня хворага заклікае скіраваць позірк на Бога, «багатага на міласэрнасць» (Эф 2, 4).

Міласэрнасць з’яўляецца адначасова сілай і ласкавасцю, мае ў сабе «вымярэнне бацькоўства і мацярынства», таму Бог «клапоціцца пра нас з моцай бацькі і ласкавасцю маці, заўсёды жадаючы адарыць нас новым жыццём у Святым Духу».

Папа Францішак падкрэсліў, што перажыванню хваробы нярэдка спадарожнічае ізаляванасць, трывога і страх. Ён узгадаў пра людзей, якія падчас пандэміі ў самотнасці правялі апошнія дні жыцця ў аддзяленнях інтэнсіўнай тэрапіі, атрымліваючы дапамогу з боку велікадушных медработнікаў, але знаходзячыся далёка ад сваіх блізкіх і самых важных людзей свайго зямнога жыцця. У гэтай пустыні, як зазначыў Папа, расквітнелі «сведкі Божай міласэрнасці» — людзі здольныя суцяшаць проста сваёй прысутнасцю.

Святы Айцец звярнуўся да медыкаў і персанала бальніц, адзначаючы, што іх «служэнне побач з хворымі, якое выконваецца з любоўю і кампетэнтнасцю, выходзіць па-за межы прафесіі, каб станавіцца місіяй». Рукі лекараў, якія дакранаюцца да «пакутуючага цела Хрыста» ў хворых, могуць стаць «знакам міласэрных рук Айца».

«Будзьце свядомыя вялікай годнасці вашай прафесіі, а таксама адказнасці, якую яна накладае», — заклікаў Пантыфік.

Ён пажадаў, каб, нягледзячы на вялікія навуковыя і тэхналагічныя дасягненні ў лячэнні хвароб, медыкі ніколі не забывалі пра выключнасць кожнага хворага. «Хворы заўсёды важнейшы за яго хваробу, і таму тэрапеўтычны падыход павінен прадугледжваць увагу да пацыента, яго гісторыі, яго трывог і страхаў. Нават калі немагчыма аздаравіць, заўсёды можна агарнуць клопатам, заўсёды можна суцешыць…», — напісаў Папа, заклікаючы да адмысловай падрыхтоўкі медыкаў у пытаннях адносінаў з пацыентамі.

Пастыр паўсюднага Касцёла нагадаў пра важнасць дзейнасці каталіцкіх медыцынскіх структур у розных частках свету, якія павінны быць «заездамі Добрага Самараніна» і месцамі пераканаўчага сведчання пра любоў Хрыста. Папа Францішак заўважыў, што яшчэ трэба шмат зрабіць для таго, каб доступ да медыцынскіх паслуг, у тым ліку да вакцын, не быў раскошай.

Святы Айцец падкрэсліў таксама неабходнасць душпастырскага клопату пра хворых.

«Мы не можам забываць несці ім блізкасць Бога, Яго благаслаўленне, Яго слова, цэлебрацыю сакрамэнтаў і прапанову шляху ўзрастання і сталення ў веры», — напісаў Папа, заклікаючы ўсіх вернікаў наведаць хворых і пажылых людзей, а таксама маліцца за медыцынскіх работнікаў, каб, «багатыя на міласэрнасць, неслі пацыентам, разам з належным клопатам, сваю братнюю блізкасць».

Абноўлена 04.01.2022 17:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа