Пошук

23.12.2021 11:02   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Фота: famigliacristiana.it

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI напярэдадні Божага Нараджэння, у сераду 22 снежня, Папа Францішак прысвяціў сваю катэхезу прыйсцю ў свет Божага Сына.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік нагадаў, што Марыя і Юзаф адправіліся з Назарэта ў Бэтлеем, каб прыняць удзел у перапісе, абвешчаным цэзарам Аўгустам. Па прыбыцці яны адразу пачалі шукаць месца для начлегу, а паколькі не знайшлі яго, Марыя была вымушана нарадзіць у стайні. Анёл, Божы пасланец, абвясціў Нараджэнне Езуса простым пастухам, а зорка, якая нагадвае, што нованароджанае Дзіця стане «святлом свету» (Ян 8, 12), указала мудрацам дарогу да Бэтлеема.

«Пастухі ўвасабляюць бедных Ізраэля, пакорных людзей, якія жывуць з унутраным усведамленнем уласнай нястачы, і менавіта таму давяраюць Богу больш за іншых. Менавіта яны першымі ўбачылі Божага Сына, які стаў чалавекам, і гэтая сустрэча глыбока змяніла іх. Евангелле заўважае, што яны вярталіся „праслаўляючы і хвалячы Бога за ўсё, што пачулі і ўбачылі“ (Лк 2, 20)», — сказаў Папа.

Мудрацы, якія вырушылі з Усходу на пошук Юдэйскага караля, якога атаясамлівалі з Богам, прадстаўляюць усіх тых, хто шукае Бога і выходзіць у шлях, каб знайсці Яго, — патлумачыў Пантыфік, дадаўшы, што да гэтых людзей адносяцца таксама людзі багатыя і магутныя, але выключна тыя, якія не з’яўляюцца нявольнікамі таго, чым валодаюць.

«Пасланне Евангелля — выразнае: Нараджэнне Езуса з’яўляецца паўсюднай падзеяй, якая закранае ўсіх людзей», — сказаў Святы Айцец, адзначыўшы, што «толькі пакора з’яўляецца шляхам, які вядзе нас да Бога».

«Толькі пакора адкрывае нас для сустрэчы з праўдай, сапраўднай радасцю, пазнаннем, якое мае вартасць. Без пакоры мы „вырваныя“ з разумення Бога і разумення саміх сябе. Трэба быць пакорнымі, каб зразумець, кім з’яўляемся, і тым больш, каб разумець Бога. Мудрацы маглі быць нават вялікімі згодна з логікай гэтага свету, але сталі малымі, пакорнымі, і менавіта дзякуючы гэтаму здолелі знайсці Езуса і распазнаць Яго», — заўважыў Папа, падкрэсліўшы, што «кожны чалавек пакліканы шукаць Бога і з дапамогай Яго ласкі можа знайсці Яго».

Пастыр паўсюднага Касцёла заклікаў усіх людзей прыйсці да Бэтлеемскіх ясляў, аддаць пашану Божаму Сыну, які стаў чалавекам і прасіць аб ласцы пакоры, бо без пакоры немагчыма знайсці Бога. «Чалавек, які не мае пакоры, не мае перад сабой далягляду, а толькі люстэрка: глядзіць на самога сябе. Давайце папросім Пана разбіць гэтае люстэрка, каб мы маглі глядзець далей, углядацца ў далягляд, на якім ёсць Ён», — заклікаў Пантыфік.

Папа заахвоціў прыйсці да калядных ясляў у першую чаргу бедных, а таксама ўсіх людзей, якія, на падабенства евангельскіх мудрацоў, маюць духоўны неспакой, якія шукаюць Бога або нават змагаюцца з рэлігіяй ці называюць сябе атэістамі.

«Я хацеў бы нагадаць ім пасланне Другога Ватыканскага Сабора: «Касцёл сцвярджае, што прызнанне Бога абсалютна не супярэчыць чалавечай годнасці, паколькі гэтая годнасць мае пачатак і ўдасканальваецца ў самім Богу. Касцёл выдатна ўсведамляе, што яго пасланне адпавядае самым патаемным жаданням чалавечага сэрца (Gaudium et spes, 21)», — сказаў Пантыфік.

Папа заклікаў заўсёды памятаць, што не мы, а Бог «першы палюбіў нас» (1 Ян 4, 9), зазначыўшы, што ўсведамленне гэтага павінна быць прычынай радасці. «Бог заўсёды апярэджвае нас у любові; любові настолькі канкрэтнай, што яна ўцелавілася і пасялілася між намі ў выглядзе Дзіцяткі, якога бачым у яслях.

Гэтая любоў мае імя і аблічча: Езус — гэта імя і аблічча любові, якая знаходзіцца ў аснове нашай радасці», — сказаў на заканчэнне катэхезы Папа Францішак, заклікаўшы вернікаў да пакоры, якая дазволіць знайсці Бога і напоўніць жыццё надзеяй.

Абноўлена 23.12.2021 11:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.