Пошук

23.11.2021 12:55   Паводле: Vatican News
Фота: EWTN News / Daniel Ibáñez

21 лістапада, ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету, Папа Францішак узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў ватыканскай базыліцы святога Пятра, падчас якой звярнуўся да моладзі.

Сёлета ўпершыню менавіта ў апошнюю нядзелю літургічнага года адзначаўся 36-ы Сусветны дзень моладзі на дыяцэзіяльным узроўні, нагадвае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News. Рашэннем Папы Францішка дыяцэзіяльнае святкаванне Сусветных дзён моладзі з гэтага года перанесена з Пальмовай нядзелі на ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету.

У прамоўленай гаміліі, цалкам скіраванай да моладзі, Святы Айцец падкрэсліў, што «Езус будзе мець апошняе слова ў нашым існаванні».

«Гэтае прароцтва надзеі асвятляе нашы ночы. Яно кажа нам, што Бог прыходзіць, прысутнічае, што Ён дзейнічае і накіроўвае ход гісторыі да сябе, да таго, што добра», — цытуе словы Пантыфіка Vatican News.

Святы Айцец заахвоціў моладзь не баяцца марыць, па прыкладу біблейскага прарока Даніэля, і накіроўваць свае мары з надзеяй да Бога. «Гэта самая цяжкая і захапляльная задача, якую вам даверылі: цвёрда стаяць на зямлі, калі, здаецца, усё рушыцца; быць вартавымі, якія бачаць святло ў начных візіях; быць будаўнікамі сярод руін; умець марыць», — звярнуў увагу ён.

Папа нагадаў, што мары маладога пакалення важныя для ўсяго Касцёла.

«Мы ўдзячныя вам за тое, што вы марыце: што вы робіце Езуса марай свайго жыцця і прымаеце Яго з радасцю, з заразлівым энтузіязмам, які дапамагае нам! <…> Ён любіць вашыя мары і дапамагае вам іх ажыццявіць», — сказаў Пастыр паўсюднага Касцёла.

Звярнуўшы ўвагу на сцэну, у якой Езус стаіць перад Пілатам, Папа падкрэсліў мужнасць і бескампраміснасць Хрыста ў выкананні Яго збаўчай місіі. «Езус не хавае сваёй сапраўднай прыроды, не хавае сваіх намераў, не выкарыстоўвае „выратавальны круг“, кінуты Пілатам. Не. З адвагай праўды Ён адказвае: Я — кароль. Ён бярэ на сябе адказнасць за сваё жыццё: Я прыйшоў каб выканаць сваю місію, і я буду сведчыць да канца аб Валадарстве Айца», — заўважыў Папа Францішак.

Ён запрасіў маладых людзей вучыцца ў Езуса бескампраміснасці і праўдзівасці ў выкананні хрысціянскай місіі ў свеце.

«Трэба апынуцца перад Езусам, каб мець магчымасць стаць перад сабой у праўдзе. Трэба сузіраць Яго, каб быць свабодным унутры, праліць святло на жыццё і не быць збітым са шляху дзівацтвамі моманту, штучнымі агнямі спажывальніцтва, якое асляпляе і паралізуе. Сябры, мы тут не для таго, каб быць зачараванымі русалкамі гэтага свету, а для таго, каб узяць нашае жыццё ў свае рукі, „угрызціся ў жыццё“, пражыць яго напоўніцу!», — сцвердзіў Пантыфік.

Святы Айцец лічыць, што сённяшняму свету, параненаму злом, не патрэбныя «далейшыя амбівалентныя кампрамісы, яму не патрэбныя людзі, якія ходзяць туды-сюды, як марскія хвалі»; яго выратуюць асобы свабодныя і праўдзівыя, якія стануць «крытычным сумленнем грамадства».

«Захоўвайце ў сабе запал да праўды, каб сваімі марамі вы маглі сказаць: маё жыццё не зняволена логікай гэтага свету, таму што я валадару з Езусам дзеля справядлівасці, любові і міру!» — заклікаў маладых людзей Папа Францішак.

Абноўлена 23.11.2021 12:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.