Пошук

04.11.2021 11:05   Паводле: Vatican News
Фота: CNS / Paul Haring

Каб ісці шляхам Духа трэба стварыць месца для Божай ласкі і міласэрнай любові, — нагадаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 3 лістапада прайшла ў Зале Паўла VI у Ватыкане.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у чарговай катэхезе, прысвечанай Пасланню да Галатаў, Святы Айцец пракаментаваў заклік «паступаць паводле Святога Духа», які апостал Павел скіроўваў сваім адрасатам (Гал 5, 16. 25). Папа падкрэсліў, што верыць у Езуса значыць ісці за Ім па прыкладзе першых вучняў, а таксама пазбягаць адваротнага шляху, якім з’яўляецца шлях эгаізму і пошуку ўласнай выгоды, названы апосталам «жаданнямі цела».

«Дух з’яўляецца кіраўніком на гэтым Хрыстовым шляху: шляху цудоўным, але складаным; які пачынаецца з хростам і працягваецца ўсё жыццё. Падумаем пра доўгую вандроўку ў гарах: яна выклікае захапленне, яе мэта прываблівае, але патрабуе вялікіх высілкаў і трываласці», — дадаў Пантыфік.

Гэты вобраз, паводле Папы Францішка, дапамагае зразумець сутнасць закліку апостала Паўла, які ўказвае на дзеянне, рух, дынамізм, што не дае спыніцца перад першымі цяжкасцямі, але прымушае даверыцца «сіле, што паходзіць звыш».

«Праходзячы гэтым шляхам, хрысціянін набывае станоўчае бачанне жыцця. Гэта не азначае, што зло, прысутнае ў свеце, нібыта знікае, што становіцца менш кепскіх імпульсаў эгаізму ці пыхі.

У першую чаргу гэта азначае веру ў тое, што Бог заўсёды мацнейшы за наш супраціў і большы за нашы грахі», — сказаў Пантыфік.

Папа заўважыў, што Павел заўсёды ставіў сябе на той самы ўзровень, што і адрасаты яго пасланняў. Ён адчуваў, што і сам яшчэ не дасягнуў мэты, «вяршыні гары». «Апостал не ставіў сябе вышэй за сваю супольнасць, але станавіўся на той самы шлях, што і ўсе, каб даць канкрэтны прыклад таго, наколькі трэба быць паслухмяным Богу, заўсёды больш і лепш адпавядаючы кіраўніцтву Святога Духа», — сцвердзіў Святы Айцец, падкрэсліўшы, што заклік «паступаць паводле Духа» датычыцца таксама супольнасці.

«Насамрэч, будаваць супольнасць, ідучы шляхам, указаным апосталам, захапляльна, але складана. „Жаданні цела“ — гэта значыць зайздрасць, забабоны, крывадушнасць, крыўды — працягваюць нагадваць пра сябе, таму зварот да суровасці прадпісанняў можа стаць лёгкай спакусай. Але робячы так, мы сыдзем са сцяжынкі свабоды, і замест таго, каб уздымацца на вяршыню, будзем вяртацца ўніз.

Каб ісці шляхам Духа, у першую чаргу трэба стварыць месца для ласкі і міласэрнай любові», — падкрэсліў пасстыр паўсюднага Касцёла, нагадваючы, што Павел заклікаў галатаў быць лагоднымі да тых, хто памыляецца, настаўляючы іх з далікатнасцю, «зважаючы на саміх сябе, каб і самім не ўпасці», і носячы «цяжары адзін аднаго».

На думку Святога Айца, калі мы адчуваем спакусу асуджэння іншых, «што часта здараецца», неабходна «паразважаць пра нашу ўласную слабасць». «Карысна спытацца ў сябе пра тое, чым мы кіруемся, калі хочам настаўляць брата ці сястру, і ці не з’яўляемся мы пэўным чынам суадказнымі за яго памылку. Святы Дух акрамя таго, што адорвае нас дарам лагоднасці, заклікае нас да салідарнасці, заклікае несці цяжар іншых», — сказаў Пантыфік.

«Найвышэйшым правілам братэрскага настаўлення з’яўляецца любоў: жаданне дабра нашым братам і сёстрам», — дадаў Папа Францішак і заклікаў з радасцю і цярплівасцю ісці гэтым шляхам, дазваляючы Святому Духу весці па ім.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.