Пошук

01.11.2021 07:07   Паводле: Vatican News

28 кастрычніка Апостальская Пэнітэнцыярыя абнародавала дэкрэт, якім у сувязі з пандэміяй была ўстаноўлена магчымасць атрымання на працягу ўсяго лістапада поўнага адпусту для памерлых.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, рашэнне было прынята з увагі да просьбаў многіх пастыраў Касцёла і сітуацыі, звязанай з пандэміяй. Згодна з ім, сёлета, як і ў 2020 годзе, атрымаць адпуст для памерлых можна будзе не толькі на працягу актавы ўсіх памерлых вернікаў, але ўсяго лістапада.

Дакумент спасылаецца на дэкрэт Апостальскай Пэнітэнцыярыі ад 22 кастрычніка 2020 года, у якім гаворыцца, што поўны адпуст для тых, хто наведае могілкі і моліцца за памерлых, прынамсі ў думках, устаноўлены на паасобныя дні з 1 па 8 лістапада, сёлета можа быць перанесены на іншыя восем дзён таго ж месяца да самага яго заканчэння.

Гэтыя дні, якія вернікі дабравольна для сябе выбяруць, могуць быць таксама не паслядоўнымі адзін за адным.

Поўны адпуст 2 лістапада, устаноўлены з нагоды ўспаміну Усіх памерлых вернікаў для тых, хто пабожна наведае касцёл ці капліцу і там памоліцца «Ойча наш» і «Веру», можа быць перанесены не толькі на папярэднюю або наступную нядзелю ці на ўрачыстасць Усіх Святых, але таксама на іншы дзень лістапада, паводле свабоднага выбару паасобных вернікаў.

Пажылыя, хворыя і ўсе тыя, хто па сур’ёзных прычынах не можа выходзіць з дома, напрыклад з-за ўведзеных кампетэнтнымі ўладамі абмежаванняў на час пандэміі, каб пазбегнуць вялікага скаплення вернікаў у святынях, могуць атрымаць поўны адпуст, духоўна яднаючыся з ўсімі іншымі вернікамі і не маючы ніякай прывязанасці да граху, а таксама з намерам як мага хутчэй выканаць тры звычайныя ўмовы (сакрамэнтальную споведзь, прыняцце святой Камуніі і малітву ў інтэнцыях Святога Айца).

Для гэтага ім неабходна памаліцца перад абразом Езуса ці Найсвяцейшай Панны Марыі за памерлых, напрыклад, прамовіць Ютрань і Нешпары з Літургіі гадзінаў за памерлых, Ружанец, Вяночак да Божай Міласэрнасці ці іншыя малітвы за памерлых, блізкія вернікам, або пэўны час чытаць і разважаць над евангельскім урыўкам, прапанаваным на літургію за памерлых, або зрабіць нейкі ўчынак міласэрнасці, ахвяруючы Богу боль і цяжкасці свайго жыцця.

Абноўлена 01.11.2021 07:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа