Пошук

05.11.2021 11:08   Паводле: sdb.by

29 кастрычніка салезіянская сям’я Беларусі сабралася ў вёсцы Дварэц Дзятлаўскага раёна, каб памаліцца за памерлых сабратоў.

Як нагадвае сайт салезіянаў ксяндза Боско ў Беларусі sdb.by, Дварэц — гэта месца, дзе 100 гадоў таму салезіяне распачалі сваю дзейнасць на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Таму невыпадкова, што на традыцыйную малітоўную сустрэчу, прысвечаную памяці аб памерлых сабратах, салезіяне сабраліся менавіта ў гэтай вёсцы.

Сустрэча распачалася са святой Імшы, якую ўзначаліў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB.

Напачатаку дэлегат прывітаў усіх прысутных сабратоў, сясцёр салезіянак, салезіянаў супрацоўнікаў і мясцовых вернікаў, некаторыя з якіх яшчэ памятаюць дзейнасць салезіянаў у сваёй парафіі.

Асаблівыя словы ўдзячнасці ксёндз Віктар скіраваў да мясцовага пробашча Паўла Скубы, які гасцінна прымае салезіянаў у сваёй парафіі. Пасля ксёндз Артур Ляшнеўскі SDB зачытаў імёны памерлых салезіянаў, якія працавалі на нашай зямлі, і за якіх цэлебруецца святая Імша.

Казанне да прысутных прамовіў дырэктар салезіянскай супольнасці ў Мінску і дэкан дэканату Мінск-Усход ксёндз Аляксандр Мятліцкі SDB. Разважаючы над Евангеллем, святар звярнуў увагу на тое, што кожны чалавек на працягу жыцця рыхтуецца да спаткання з «Жаніхом», як і панны, якія з алеем чакалі ўваходу на вяселле. Кожны з нас ведае дату свайго нараджэння, але ніхто не ведае, калі адыдзе ў вечнасць, таму да гэтага пераходу трэба быць падрыхтаваным заўсёды, сваім жыццём і сваімі ўчынкамі.

«З чым мы станем перад абліччам нашага Нябеснага Жаніха Езуса Хрыста, які прыйшоў нас збавіць? Ці вартыя мы будзем атрымаць тое вечнае святло, якое Ён падрыхтаваў для нас у небе?» — задаў пытанне прысутным ксёндз Аляксандр, і падкрэсліў, што, успамінаючы памерлых, варта маліцца за спачылых святароў і братоў законных, каб яны праз сваё заступніцтва дапамаглі і нам увайсці ў Валадарства Нябеснае.

Пасля Імшы прысутныя памаліліся каля магіл ксяндза Людвіка Віткоўскага SDB і сабратоў каад’ютараў Стэфана Залеўскага SDB і Казіміра Ляхоўскага SDB, а потым скіраваліся ў Дзятлава, дзе быў благаслаўлёны адноўлены помнік на магіле ксяндза Яна Вялькевіча SDB.

Абноўлена 05.11.2021 11:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця