Пошук

04.11.2021 10:30   Паводле: Grodnensis.by / Фота: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Catholic.by

2 лістапада, ва ўспамін Усіх памерлых вернікаў, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў францішканскія могілкі ў Гродне.

Як паведамляе Grodnensis.by, каля адноўленай два гады таму капліцы, пабудаванай у 1852 годзе, іерарх узначаліў цэлебрацыю святой Імшу ў інтэнцыі ўсіх памерлых вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі.

На могілках сабраліся шматлікія вернікі, якія маліліся за ўсіх, хто пахаваны на старадаўнім некропалі, а таксама ў іншых месцах.

На пачатку Імшы пастыр Касцёла на Гродзеншчыне адзначыў, што «вера і надзея дазваляюць нам знаходзіцца ў лучнасці з нашымі братамі і сёстрамі, якія пераступілі парог смерці і ўжо жывуць іншым жыццём — праўдзівым, вечным, якое не мае заканчэння».

Гамілію прамовіў ксёндз Юрый Марціновіч, які падкрэсліў, што смерць — не канец чалавечага жыцця, а ўступленне ў вечнасць, бо з моманту смерці Езуса Хрыста смерць ужо не мае канчатковага слова над чалавекам.

«Калі сёння мы стаім над магіламі нашых памерлых, прыгадваючы іх радаснае аблічча, а часам, можа, цярпенні, якія спадарожнічалі ім пры адыходзе з гэтага свету, то будзем углядацца ў крыж Хрыста: няхай ён стане цэнтрам нашых сустрэч на могілках», — дадаў святар.

На заканчэнне сваятой Імшы пробашч гродзенскай парафіі Маці Божай Анёльскай айцец Сяргей Мігун OFMConv падзякаваў усім прысутным на Эўхарыстыі за памяць пра спачылых і малітву ў іх інтэнцыі.

Пасля Імшы вернікi на чале са сваім пастырам прайшлі ў жалобнай працэсіі алеямі старых могілак.

Падчас працэсіі яны спыняліся на пяці стацыях, каб даручыць Божай міласэрнасці ўсіх сваіх блізкіх памерлых і прасіць для іх ласкі неба.

 

Абноўлена 04.11.2021 10:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа