Пошук

21.10.2021 11:52   Паводле: Vatican News
Фота: The Associated Press

У чарговай катэхезе падчас агульнай аўдыенцыі, якая 20 кастрычніка прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI, Папа Францішак падкрэсліў, што свабода, нараджаецца з любові Бога і ўзрастае дзякуючы міласэрнай любові.

«Апостал Павел у сваім Пасланні да Галатаў паступова ўводзіць нас у вялікую навіну веры», — заўважыў на пачатку катэхезы Святы Айцец, словы якога падае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News. Ён дадаў, што гаворка ідзе пра «па-сапраўднаму вялікую навіну, бо яна абнаўляе не толькі нейкі жыццёвы аспект, але ўводзіць нас усярэдзіну таго „новага жыцця“, якое мы атрымалі з хростам».

«Тут на нас выліўся найбольшы дар веры — дар быцця Божымі дзецьмі.

Адроджаныя ў Хрысце, мы перайшлі ад рэлігійнасці, што складаецца з выканання прадпісанняў, да жывой веры, у цэнтры якой знаходзіцца еднасць з Богам і братамі. Мы перайшлі ад страху няволі і граху да свабоды Божых дзяцей», — дадаў ён.

Пантыфік нагадаў, што для апостала Паўла сэнс свабоды заключаўся ў тым, каб жыць не «паводле цела», гэта значыць наследуючы эгаістычныя памкненні, а «паводле духа», служачы адзін аднаму, да чаго вядзе свабода Езуса. «Сапраўдная свабода цалкам выражаецца ў міласэрнай любові. Мы яшчэ раз апынаемся перад парадоксам Евангелля: мы з’яўляемся свабоднымі не для таго, каб рабіць тое, што падабаецца, але каб служыць; мы цалкам знаходзім сябе ў той меры, у якой дорым сябе <…> мы маем жыццё, калі губляем яго. Гэта — чыстае Евангелле», — сказаў Святы Айцец.

Ён зазначыў, што гэты парадокс тлумачыцца любоўю Хрыста, якая вызваляе нас ад рабства ўласнаму «эга». «Без любові няма свабоды», а эгаістычнае карыстанне свабодай не прыносіць плёну. Святы Айцец падкрэсліў, што свабода ўзрастае дзякуючы любові. Гаворка, аднак, не ідзе пра любоў з тэлесерыялаў ці пошук уласнага задавальнення, але пра любоў, якую мы бачым у Хрысце — міласэрную любоў. Толькі яна па-сапраўднаму вызваляе.

«Гэта любоў, якая ззяе ў бескарыслівым служэнні па прыкладзе любові Езуса, які абмываў ногі сваім вучням і казаў: „Я даў вам прыклад, каб і вы рабілі, як Я зрабіў вам“ (Ян 13, 15)».

«Такім чынам, для Паўла свабода не азначала „рабіць тое, што здаецца і падабаецца“», — сказаў Папа, нагадваючы, што гэта пакідае толькі пустку ўнутры і адчуванне таго, што «мы кепска выкарысталі скарб нашай свабоды, прыгажосць магчымасці выбіраць сапраўднае дабро для нас і іншых».

Святы Айцец спаслаўся на словы апостала Паўла, які ў Пасланні да Карынцянаў вучыў, што «ўсё можна, але не ўсё карысна», а таксама заклікаў не шукаць «свайго, але таго, што карысна для іншага» (1 Кар 10, 23–24).

«Таго, хто сустракаецца са спакусай абмежавання свабоды ўласным густам, Павел ставіць перад патрабаваннем любові.

Свабода, якой кіруе любоў, — адзіная, якая робіць вольнымі іншых і нас саміх; адзіная здольная слухаць без навязвання; жадаць дабра, не прымушаючы; якая будуе і не разбурае; не выкарыстоўвае іншых дзеля ўласнага камфорту і робіць ім дабро, не шукаючы ўласнай карысці. Такім чынам, калі свабода не служыць дабру, тады яна рызыкуе застацца бясплоднай і не прыносіць плёну. У сваю чаргу свабода, натхнёная любоўю, вядзе да бедных, распазнаючы ў іх тварах аблічча Хрыста. Па гэтай прычыне служэнне адзін аднаму дазволіла Паўлу, пішучы да галатаў, падкрэсліць немалаважную рэч: гаворачы пра свабоду, якую іншыя апосталы далі яму ў евангелізацыі, ён падкрэслівае, што яны раілі яму толькі адно — памятаць пра бедных», — падкрэсліў пастыр паўсюднага Касцёла.

Францішак спаслаўся на адно з самых распаўсюджаных сёння паняццяў свабоды, якое сцвярджае: «мая свабода заканчваецца там, дзе пачынаецца твая». «Але тут не хапае адносін! Гэта індывідуалістычны падыход», — заўважыў Пантыфік, падкрэсліўшы, што чалавек, які атрымаў дар свабоды ад Езуса, не можа лічыць, быццам свабода заключаецца ў прабыванні на адлегласці ад іншых, у засяроджанасці на сабе. «Сацыяльнае вымярэнне з’яўляецца фундаментальным для хрысціянаў і дазваляе ім глядзець у кірунку агульнага дабра, а не прыватных інтарэсаў», — дадаў Святы Айцец,

«Асабліва ў гэты гістарычны момант мы маем патрэбу ў тым, каб нанава адкрыць супольнаснае, а не індывідуалістычнае вымярэнне свабоды: пандэмія навучыла нас таму, што мы маем патрэбу адно ў адным, але пра гэта не дастаткова ведаць: трэба штодзённа рабіць канкрэтны выбар на карысць гэтага, станавіцца на гэты шлях.

Мы кажам і верым, што іншыя не толькі не з’яўляюцца перашкодай для маёй свабоды, але магчымасцю рэалізаваць яе напоўніцу, бо наша свабода нараджаецца з любові Бога і ўзрастае ў міласэрнай любові», — завяршыў катэхезу Папа Францішак.

Фота: eldiario.es

Як паведамляе Vatican News, адчас агульнай аўдыенцыі на сцэну Залы Паўла VI узышоў дзесяцігадовы італьянскі хлопчык з парушэннямі псіхічнага развіцця, які прысутнічаў на сустрэчы з Папам разам са сваімі бацькамі.

Хлопчык паразмаўляў са Святым Айцом, а потым сеў побач з ім на крэсла, якое саступіў яму рэгент Прэфектуры Папскага дома монсіньёр Леанарда Сап’енца. Праз некаторы час да хлопчыка падышла маці і забрала яго.

Каментуючы гэтую сітуацыю, Святы Айцец заўважыў, што на працягу апошніх месяцаў галоўнай тэмай яго катэхетычных разважанняў з’яўляецца свабода, якая нараджаецца з веры.

«Мне ўзгадалася тое, што Езус казаў пра прастату і свабоду дзяцей, калі гэты хлопчык свабодна падышоў сюды і хадзіў як у сябе дома. Езус кажа: „Таксама і вы, калі не станеце, як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае“.

З адвагай наблізіцца да Пана, быць адкрытымі перад Панам, не баяцца Пана: я дзякую гэтаму хлопчыку за ўрок, які ён даў усім нам», — сказаў Пантыфік. Папа Францішак выказаў пажаданне, каб Бог дапамог яму ў развіцці і пераадоленні цяжкасцяў і падзякаваў за сведчанне, якое «паходзіла з сэрца».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.