Падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 13 кастрычніка ў ватыканскай Зале Паўла VI, Папа Францішак працягнуў «катэхетычнае падарожжа па Пасланні да Галатаў», падкрэсліўшы, што свабода, атрыманая ад Хрыста, адкрывае нас для прыняцця кожнага народа і культуры і адначасова адкрывае кожны народ і культуру для яшчэ большай свабоды.
«Мы з’яўляемся свабоднымі, таму што былі вызвалены: вызвалены ласкай, вызвалены любоўю, якая становіцца найвышэйшым і новым законам хрысціянскага жыцця», — цытуе Святога Айца Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.
Пантыфік патлумачыў, што згодна з вучэннем святога Паўла, для чалавека, які прыняў Хрыста, ужо не мае значэнне абразанне ці яго адсутнасць, а толькі «вера, якая дзейнічае праз любоў» (Гал 5, 6). Аднак нядобразычліўцы апостала крытыкавалі яго за гэтае новаўвядзенне, сцвярджаючы, што ён мінімізуе патрабаванні, атрыманыя ад сваёй строгай рэлігійнай традыцыі, дзеля «душпастырскага апартунізма» і жадання «падабацца ўсім».
«Як відаць, кожная евангельская навіна крытыкуецца не толькі ў нашыя дні; гэта мае доўгую гісторыю за плячыма», — сказаў Папа Францішак, заўважаючы, што ў адказ на крытыку Павел не прамаўчаў. «Ён адказаў з адвагай і праніклівасцю, кажучы: „Ці ў людзей я цяпер шукаю ўпадабання, ці ў Бога? Ці людзям дагаджаць стараюся? Калі б я і дагэтуль дагаджаў людзям, то не быў бы слугою Хрыста!“(Гал 1, 10)».
«Прыняцце веры для яго не азначала адмаўлення ад сутнасці культур і традыцый, а толькі ад таго, што перашкаджала навізне і чысціні Евангелля. Бо свабода, якую атрымалі дзякуючы смерці і ўваскрасенню Пана, не ўваходзіць у канфлікт з культурамі і традыцыямі, якія мы атрымалі, але ўлівае ў іх новую свабоду, ўлівае евангельскую навіну, якая вызваляе», — дадаў Святы Айцец.
«Вызваленне, прынятае з хростам, насамрэч, дазваляе нам атрымаць паўнату годнасці Божых дзяцей, каб, не адрываючыся ад нашых культурных каранёў, мы, адначасова, адкрываліся паўсюднасці веры, што ўваходзіць у кожную культуру, распазнае ў ёй прысутнасць парасткаў праўды і развівае іх, даводзячы да паўнаты дабро, змешчанае ў іх», — сказаў Пантыфік.
Ён заўважыў, што «ў пакліканні да свабоды мы адкрываем для сябе сапраўдны сэнс інкультурацыі Евангелля», які заключаецца ў здольнасці «абвяшчаць Добрую навіну Хрыста Збаўцы, паважаючы тое добрае і праўдзівае, што ёсць у культурах».
«Гэта нялёгка, бо існуе шмат спакус навязваць свае мадэлі жыцця, быццам бы яны больш перадавыя і прывабныя.
Колькі памылак было зроблена ў гісторыі евангелізацыі ў жаданні навязаць адзіную культурную мадэль!» — сцвердзіў пастыр паўсюднага Касцёла, заўважыўшы, што часам дзеля гэтага «не адмаўляліся нават ад насілля». «Такім чынам Касцёл пазбаўляўся багацця шматлікіх мясцовых выразаў, якія нясуць з сабой культурныя традыцыі цэлых народаў. Гэта дакладна адваротнае хрысціянскай свабодзе!» — дадаў ён.
На думку Папы Францішка, з бачання свабоды, уласцівага святому Паўлу, вынікае абавязак паважаць культурнае паходжанне кожнага чалавека. «Вось сэнс называць сябе католікамі, калі мы гаворым пра Каталіцкі Касцёл: гэта не сацыялагічная дэнамінацыя для адрознення ад іншых хрысціянаў; „каталіцкі“ — гэта прыметнік, які азначае паўсюдны…
Касцёл паўсюдны, Касцёл Каталіцкі — гэта значыць, што Касцёл мае ў сабе, у сваёй прыродзе, адкрытасць для ўсіх народаў і культур усіх часоў, бо Хрыстус нарадзіўся, памёр і ўваскрос для ўсіх», — дадаў Святы Айцец.
Ён заўважыў, што культура пастаянна змяняецца, а гэта прымушае задумацца пра адпаведныя спосабы абвяшчэння Евангелля. «Калі мы будзем лічыць, што павінны казаць пра веру так, як гэта рабілася ў мінулыя стагоддзі, тады рызыкуем застацца незразуметымі новымі пакаленнямі. Свабода хрысціянскай веры, хрысціянская свабода, указвае не на статычнае бачанне жыцця і культуры, але на дынамічнае», — сказаў Пантыфік, падкрэсліваючы, што свабода — гэта дар, які трэба захоўваць і які кліча кожнага чалавека быць у няспынным пілігрымаванні да паўнаты свабоды.
«Гэта вялікі дар Езуса для нас. Пан бескарысліва вызваліў нас з няволі і вывеў на дарогу, каб мы ішлі па ёй да поўнай свабоды», — завяршыў катэхезу Папа Францішак.