Пошук

30.09.2021 11:11   Паводле: Vatican News
Фота: Reuters / Remo Casilli

Вера патрабуе быцця актыўнымі ў любові да Бога і бліжняга, — заўважыў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая 29 верасня прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI. На ёй Пантыфік працягнуў цыкл катэхез, прысвечаных Пасланню да Галатаў.

«На нашым шляху да лепшага разумення вучэння святога Паўла сёння мы сустракаемся са складанай, але важнай тэмай — тэмай апраўдання», — перадае словы Святога Айца, якімі ён распачаў катэхезу, Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News. Папа заўважыў, што «ў Пасланні да Галатаў, як і ў Пасланні да Рымлянаў, Павел настойвае на тым факце, што апраўданне паходзіць з веры ў Хрыста».

«Што хаваецца за словам „апраўданне“, якое з’яўляецца настолькі важным для веры? Прыйсці да вычарпальнага вызначэння нялёгка, але ў цэласнасці вучэння святога Паўла можна сказаць, што апраўданне з’яўляецца наступствам „міласэрнасці Бога, які прабачае“», — сказаў Папа Францішак, спасылаючыся да Катэхізіс Каталіцкага Касцёла.

Пантыфік нагадаў, што праз смерць Езуса «Бог знішчыў грэх і канчаткова падарыў нам прабачэнне і збаўленне». «Апраўданыя такім чынам, грэшнікі становяцца прынятымі Богам і паяднанымі з Ім. Гэта нібыта вяртанне да першапачатковых адносін паміж Стварыцелем і стварэннем, да таго як умяшалася грахоўная непаслухмянасць. Апраўданне, здзейсненае Богам, дазваляе нам аднавіць нявіннасць, страчаную праз грэх», — сказаў Папа, заўважаючы, што, згодна з вучэннем святога Паўла, «апраўданне прыходзіць праз ласку».

Святы Айцец падкрэсліў, што апостал Павел ніколі не забываўся пра досвед, які цалкам змяніў яго жыццё: пра сустрэчу з уваскрослым Езусам на дарозе ў Дамаск. «Павел быў ганарлівым, рэлігійным і руплівым чалавекам, перакананым у тым, што справядлівасць заключаецца ў скрупулёзным выкананні прадпісанняў. Цяпер жа ён быў заваяваны Хрыстом, а вера ў Езуса глыбока перамяніла яго, дазволіўшы адкрыць дагэтуль схаваную праўду: мы становімся праведнымі не дзякуючы нашым намаганням, але дзякуючы ласцы Хрыста», — зазначыў Папа.

«Вера мае для апостала ўсёабдымнае значэнне. Яна датычыцца кожнага моманту і кожнага аспекту жыцця верніка: ад хросту да адыходу з гэтага свету ўсё прасякнута верай у смерць і ўваскрасенне Езуса, які дорыць збаўленне. Апраўданне праз веру падкрэслівае прыярытэт ласкі, якую Бог, не робячы адрозненняў, дорыць тым, хто верыць у Яго Сына», — дадаў Пантыфік.

Па словах Святога Айца, гэта не азначае, што Закон Майсея больш не меў каштоўнасці для Паўла. Наадварот, Закон працягваў «заставацца незваротным Божым дарам», а сам апостал называў яго «святым» (Рым 7, 12). «Таксама для нашага духоўнага жыцця вельмі важна захоўваць запаведзі, але і ў гэтым мы не можам разлічваць толькі на нашыя сілы: фундаментальнай з’яўляецца Божая ласка, якую мы атрымліваем ад Хрыста. Ад Яго мы атрымліваем тую бескарыслівую любоў, якая, у сваю чаргу, дазваляе нам любіць канкрэтным чынам», — сцвердзіў пастыр паўсюднага Касцёла.

У гэтым кантэксце Папа нагадаў словы апостала Якуба: «Бачыце, што чалавек апраўдваецца праз учынкі, а не толькі праз веру. Бо, як цела без духу мёртвае, так і вера мёртвая без учынкаў» (Як 2, 24.26). Словы Якуба дапаўняюць вучэнне Паўла, бо для абодвух вера патрабавала «быцця актыўнымі ў любові да Бога і любові да бліжняга».

«Апраўданне ўводзіць нас у доўгую гісторыю збаўлення, якая паказвае Божую справядлівасць: перад абліччам нашых няспынных падзенняў і недахопаў Ён не апусціў рукі, але пажадаў апраўдаць нас і зрабіў гэта дзякуючы ласцы, праз дар Езуса Хрыста, праз Яго смерць і ўваскрасенне», — заўважыў Пантыфік, нагадваючы, што стылем Бога з’яўляецца блізкасць, спагада і ласкасць.

«Святло веры дазваляе нам пазнаць наколькі бясконцай з’яўляецца Божая міласэрнасць, ласка, што дзейнічае дзеля нашага дабра. Але тое ж самае святло дапамагае нам бачыць і адказнасць, даручаную нам, каб мы супрацоўнічалі з Богам у Яго справе збаўлення. Сіла ласкі патрабуе злучэння з нашымі ўчынкамі міласэрнасці, якімі мы пакліканы жыць, каб сведчыць пра тое, наколькі вялікай ёсць Божая любоў», — падкрэсліў Святы Айцец на завяршэнне сваёй катэхезы.

Абноўлена 30.09.2021 11:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.