8 верасня, у свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, было апублікавана Пасланне Папы Францішка на распачацце 25-а Міжнароднага Марыялагічнага і Марыйнага кангрэса, які сёлета з-за выкліканых пандэміяй санітарных абмежаванняў праходзіць у віртуальнай форме пад дэвізам: «Марыя паміж тэалогіямі і культурамі сёння. Узоры, камунікацыі, перспектывы».
Кароткі агляд папскага Паслання прапануе Польская рэдакцыя парталу Vatican News.
«Дух Святы кажа нам, што мы жывем у „часы Марыі“. Ён заклікае нас нанава прыняць гэты знак суцяшэння і ўпэўненай надзеі, імя якому — аблічча і сэрца Марыі», — напісаў Папа Францішак.
Як адзначаецца, кангрэс быў арганізаваны Папскай міжнароднай Марыйнай акадэміяй.
Нагадваючы, што мы жывем «у часы Марыі», Пантыфік заахвоціў членаў акадэміі распазнаваць знакі гэтага часу. Святы Айцец падкрэсліў, што таямніца Марыі заключае ў сабе таямніцу Уцелаўлёнага Божага Слова. Ён таксама нагадаў тое, да чаго заахвочваў тэолагаў Бэнэдыкт XVI, а менавіта, каб яны больш глыбока вывучалі сувязь паміж марыялогіяй і тэалогіяй Слова.
Цытуючы свайго папярэдніка, Папа Францішак падкрэсліў, што Марыя «у слове Божым адчувае сябе як дома, натуральна выходзіць і вяртаецца ў яго. Яна гаворыць і думае павдоле Божага слова. Такім чынам праяўляецца таксама тое, што Яе думкі сугучныя думкам Божым, і што Яе воля з’яднана з Божай воляй. Яна, глыбока прасякнутая Божым словам, можа стаць Маці Уцелаўлёнага Слова».
Святы Айцец звярнуў увагу таксама на народную пабожнасць, якая падмацоўваецца Божым словам і пры гэтым натуральным чынам чэрпае з Марыі.
Такім чынам праяўляецца «тэалагічная дарога», прысутная ў пабожнасці хрысціянскіх народаў, а асабліва сярод бедных. Папа сцвердзіў, што гэтая дарога з’яўляецца месцам дзеяння Духа Святога, а разам з тым плёнам інкультурацыі.
Звяртаючыся да тэмы Кангрэса, пастыр паўсюднага Касцёла заўважыў, што радасць, якую мы атрымліваем ад Бога, не дазваляе нам забыцца пра ціхі крык мноства нашых братоў і сясцёр, якія жывуць сярод цяжкасцяў, што яшчэ больш пагоршыліся з-за пандэміі.
«Марыя вучыць нас заўсёды прыслухоўвацца да голасу забытых і пазбаўленых голасу», — дадаў Папа Францішак.