Пошук

09.09.2021 11:03   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: Tiziana Fabi / AFP / Getty Images

Адкрыць нанава прыгажосць братэрства ў Хрысце заахвоціў Святы Айцец 8 верасня падчас сустрэчы з вернікамі на агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Папа працягнуў цыкл катэхез, прысвечаных Пасланню да Галатаў.

«Адрозненні і канфлікты, якія ствараюць падзелы, не павінны існаваць сярод тых, хто верыць у Хрыста. Наадварот, наша пакліканне — больш канкрэтны і бачны заклік да адзінства ўсяго чалавечага роду», — падкрэсліў Пантыфік.

Каментуючы словы аб тым, што вера ў Хрыста дазваляе нам стаць па-сапраўднаму Божымі дзецьмі, Святы Айцец заахвоціў кожнага верніка з удзячнасцю ўзгадаць свой хрост, у якім была атрымана сыноўская годнасць. «Тыя, хто прымаюць яго, перамяняюцца ў глыбіні сваёй сутнасці, унутры сябе і атрымліваюць новае жыццё: тое, што дазваляе ім звярнуцца да Бога і назваць Яго „Абба, Ойча“ (Гал 4, 6)», — заўважыў пастыр паўсюднага Касцёла.

Ён нагадаў, што хрост здымае любыя падзелы. «Роўнасць у Хрысце пераадольвае сацыяльныя адрозненні паміж поламі, устанаўліваючы роўнасць паміж мужчынамі і жанчынамі, якая ў той час была рэвалюцыйнай, а сёння патрабуе ўмацавання», — падкрэсліў Святы Айцец. Ён звярнуў увагу на тое, што гэтая роўнасць вынікае з самога факту хросту.

«Усё, што паглыбляе адрозненні паміж людзьмі, часта прыводзячы да дыскрымінацыі, перад Богам больш не мае ніякіх падстаў, дзякуючы збаўленню, здзейсненаму ў Хрысце. Важнай застаецца вера, якая дзейнічае на шляху адзінства, пазначаным Духам Святым. Наша задача — рашуча ісці гэтым шляхам», — сказаў Папа Францішак, завяршаючы катэхезу.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.